ФОК Уладзімір Аляксандравіч (22.12.1898, С.-Пецярбург — 27.12.1974),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1939, чл.-кар. 1932). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў Петраградскі ун-т (1922). У 1919—23 і 1928—41 у Дзярж. аптычным ін-це, у 1924—36 у Ленінградскім фізіка-тэхн. ін-це, у 1934—41 і 1944—53 у Фіз. ін-це АН СССР. Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, агульнай тэорыі адноснасці, тэорыі гравітацыі, распаўсюджанні эл.-магн. хваль, філас. пытаннях фізікі. Прапанаваў рэлятывісцкае хвалевае ўраўненне (ураўненне Клейна—Ф.), метад набліжанага апісання ўзаемадзеяння ў многаэлектронных сістэмах (метад Хартры—Ф.). Распрацаваў метад другаснага квантавання для сістэм з пераменнай колькасцю часціц. Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1960.

Тв.:

Теория пространства, времени и тяготения. 2 изд. М., 1961;

Квантовая физика и философские проблемы. М., 1970;

Начала квантовой механики. 2 изд. М., 1976.

Літ.:

В.​А.​Фок. М., 1956.

А.​І.​Болсун.

У.А.Фок.

т. 16, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)