ФЛАВАПРАТЭІ́ДЫ (ад лац. flavus жоўты + пратэіды),

група дыхальных ферментаў — аксідарэдуктаз, каферментамі якіх з’яўляюцца флавінавыя нуклеатыды. Пашыраны ў жывёл, раслін, мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у акісляльна-аднаўляльных рэакцыях у жывых клетках.

Ф. ў акісленай форме — інтэнсіўна жоўтага колеру, у адноўленай — бясколерныя. Да Ф. адносяцца аксідазы L- і D-амінакіслот, глюкозааксідазы, монааксідазы і інш. Маюць адну або некалькі малекул флавінадэніндынуклеатыдаў або флавінмонануклеатыдаў. Некат. маюць атамы жалеза, цынку і інш. рэчываў, якія ўдзельнічаюць у каталітычных рэакцыях.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)