ФАСО́ЛЯ (Phaseolus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Азіі і Афрыкі. Стараж. культура Цэнтр. Амерыкі — Ф. звычайная (Ph. vulgaris) вядома з 4—3-га тыс. да н.э. У Еўропу завезена ў 16, у Расіі — з 17—18 ст. У культуры больш за 20 відаў. На Беларусі вырошчваюць Ф. звычайную і шматкветкавую, або агніста-чырвоную, ці турэцкія бабы (Ph. coccineus).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Амаль усе віды — самаапыляльныя ліяны даўж. да 2,5 м, некат. — паўкусты, большасць з іх — расліны кароткага дня. У кустовых форм моцнае непалягаючае сцябло выш. да 0,5 м. Лісце трайчастае. Кветкі матыльковыя, разнастайнай афарбоўкі, сабраныя ў гронкападобныя суквецці. Плод — струк. Насенне высокай смакавай годнасці, мае да 30% паўнацэннага бялку. Харч., кармавыя, лек., сідэральныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Фасоля: 1 — звычайная; 2 — шматкветкавая.

т. 16, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)