ФАЎЛС, Фаўлз (Fowles) Джон (н. 31.3.1926, г. Лі-он-Сі, Вялікабрытанія), англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1950). Да 1963 выкладаў ва ун-тах Францыі, Грэцыі, Англіі. Аўтар раманаў «Калекцыянер» (1963, экранізаваны ў 1965), «Вяшчун» (1965, 2-я рэд. 1977), кн. «Арыстос» (1964), якія склалі своеасаблівы трыпціх, дзе ўвасоблены філас. ідэі Ф. і яго маст. прыёмы — уласнае трактаванне чалавечай свабоды, яе межаў і адказнасці, сувязей паміж каханнем, самапазнаннем і свабодай выбару. Найб. значны раман «Палюбоўніца французскага лейтэнанта» (1969, экранізаваны ў 1981) напісаны ў традыцыях «віктарыянскай прозы»; у ім і «рамане дарогі» «Капрыз» (1985) апусташальнай маралі ўсёдазволенасці проціпастаўлены маральна-этычныя каштоўнасці мінулага. Раманы «Дэніэл Марцін» (1977) і «Мантыса» (1982) пра лёс інтэлігента на фоне крызіснай гісторыі. Аўтар зб. навел «Вежа з чорнага дрэва» (1974), кн. «Кароткая гісторыя Лайм-Рыджыс» (1983), зб. эсэ «Чарвяточына» (1998) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Башня из черного дерева;

Элидюк;

Загадка. М., 1980;

Коллекционер. М., 1991;

Любовница французского лейтенанта. М., 2001.

Літ.:

Саруханян А.П. Джон Фаулз // Английская литература, 1945—1980. М., 1987.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)