ТЫРАНІ́Я (ад грэч. tyrannis),
1) у Стараж. Грэцыі форма дзярж. улады, усталяваная сілай і засн. на аднаасобным праўленні. Раннягрэч. (старэйшая) Т. ўзнікла ў перыяд станаўлення полісаў у 7—6 ст. да н.э. ў выніку барацьбы дэмасу, гандлёва-рамесных вярхоў з родавай арыстакратыяй. Вядомы тыраны: Кіпсел і Перыяндр у Карынфе (каля 657—585 да н.э.), Палікрат на в-ве Самас (каля 537—522 да н.э.), Пісістрат у Афінах (каля 560—527 да н.э.) і інш. Раннягрэч. Т. садзейнічала заняпаду ўлады арыстакратычных родаў, развіццю рамяства, гандлю, каланізацыі, дзярж. пераўтварэнням, якія ў выніку вялі да ўсталявання поліснага дэмакр. ладу. Познагрэч. (малодшая) Т. ўзнікла ў канцы 5 ст. да н.э. ва ўмовах абвастрэння барацьбы паміж алігархамі і збяднелымі слаямі дэмасу. Напр., тыраніі Дыянісія I (каля 406—367 да н.э.) і інш. у Сіракузах, Набіса (207—192 да н.э.) у Спарце і інш. паскорылі крызіс полісных дзяржаў.
2) Форма паліт. праўлення шэрагу гарадоў-дзяржаў Паўн. і Сярэдняй Італіі ў 13—16 ст., якая змяніла старую форму камунальнага праўлення. Гл. Сіньярыя.
3) У пераносным сэнсе — праўленне, заснаванае на самавольстве і насіллі.
Літ.:
Соловьева С.С. Раннегреческая тирания. М., 1964;
Фролов Э.Д. Греческие тираны (IV в. до н.э.). Л., 1972.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)