ТРАНСГРЭ́СІЯ ў генетыцы,
павялічанае (ці аслабленае) праяўленне генет. прыкметы ў патомства ў параўнанні з бацькамі. Адбываецца, калі колькаснае праяўленне прыкметы звязана з функцыянаваннем 2 і болей генаў. Пры наяўнасці ў кожнага з бацькоў 1 ці болей дамінантнага гена ў патомкаў спалучаюцца 2 і болей дамінантных генаў — станоўчая Т.; аналагічнае спалучэнне рэцэсіўных генаў прыводзіць да аслаблення праяўлення прыкметы — адмоўная Т. (гл. Дамінантнасць, Рэцэсіўнасць). Выкарыстоўваецца ў селекцыі.
т. 15, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)