ТА́СМАН (Tasman) Абел Янсзан (1603, Лутгегаст, Нідэрланды — кастр. 1659),

галандскі мараплавец, даследчык Аўстраліі і Акіяніі. У 1638—41 прымаў удзел у экспедыцыях, якія даследавалі моры Усх. Азіі, адкрылі а-вы Банін (1639). У 1642—43 кіраваў 1-й экспедыцыяй у Індыйскі і Ціхі акіяны, адкрыў паўд. і ўсх. берагі вострава, які пазней названы яго імем — Тасманія, дасягнуў зах. берага Новай Зеландыі, адкрыў а-вы Тры-Кінгс і Тонга, зах. ч. а-воў Фіджы. У 1644 у час 2-й экспедыцыі адкрыў паўд. і зах. берагі зал. Карпентарыя, даследаваў паўн. і паўн.-зах. ўзбярэжжа Аўстраліі. У выніку 2 экспедыцый даказана, што Аўстралія — адзіны масіў сушы, не звязаны з гіпатэтычным Паўд. мацерыком. Яго імем названы мора паміж Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, паўн.-зах. выступ Аўстраліі, катлавіна ў паўд.-зах. ч. Ціхага ак. і інш.

т. 15, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)