СЭ́ЛІНДЖЭР (Salinger) Джэрам Дэйвід (н. 1.1.1919, Нью-Йорк),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Пенсільванскую ваен. акадэмію (1936), вучыўся ў Нью-Йоркскім і Калумбійскім ун-тах. Друкуецца з 1940. Вядомасць прынёс раман «Над безданню ў жыце» (1951), у якім успрымальны да прыгажосці летуценны падлетак процістаіць практыцызму, канфармізму і спажывецтву дарослых. Аўтар шматлікіх навел, лепшыя з якіх увайшлі ў зб. «Дзевяць апавяданняў» (1953). Героі многіх яго твораў — дзеці, сумленнасць і погляды якіх спрыяюць выяўленню заганаў грамадства. Аўтар цыкла аповесцей пра сям’ю, у т. л. «Вышэй кроквы, цесляры!» (1955), «Сімар: першае знаёмства» (1959), «Фрэні і Зуі» (1961), «Гэпварт 16, 1924» (1965). На бел. мову яго аповесць «Гэпварт 16, 1924» пераклаў П.Марціновіч.
Тв.:
Рус. пер. — Над пропастью во ржи: Повести. Рассказы. М., 1991.
Літ.:
Галинская И.Л. Философские и эстетические основы поэтики Дж. Д.Сэлинджера. М., 1975.
Т.Я.Камароўская.
т. 15, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)