СЦЁРТЭВАНТ, Стэртэвант (Sturtevant) Альфрэд Генры (21.11.1891, г. Джэксанвіл, штат Ілінойс, ЗША — 6.4.1970), амерыканскі вучоны ў галіне генетыкі, адзін з заснавальнікаў храмасомнай тэорыі спадчыннасці. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Калумбійскі ун-т. З 1911 у лабараторыі Т.Х.Моргана. У 1928—62 праф. Каліфарнійскага тэхнал. ін-та. Навук. працы па сістэматыцы і параўнальнай цытагенетыцы відаў роду дразафіла. Абгрунтаваў тэорыю лінейнага размяшчэння генаў, адкрыў супрэсію (1920) і эфект становішча гена (1925).

т. 15, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)