СУХАВЕ́РХАВА Наталля Уладзіміраўна (н. 3.11.1949, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка У.П.Сухаверхава. Скончыла Бел. тэатр.маст. ін-т (1971). З 1971 на Мінскім маст. камбінаце, з 1996 адначасова займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. Сярод твораў габелены: «Квітнеючы мой край» для Палаца культуры калгаса «Нёман» Стаўбцоўскага р-на (1986), «Беларусь» для рэстарана «Беларусь» у Мінску (1987), «Купалле» для Палаца культуры ў в. Крупіца Мінскага р-на (1989), «Вясновы» і «Сонечны» для ўрадавай рэзідэнцыі ў г. Заслаўе (1995), а таксама «Сон-трава» (1976), «Восень» (1978), «Зачараваны край» (1981), «Сонечная сюіта», «Цвіценне» (абодва 1982), «Варажба на кававай гушчы», «Дарога» (абодва 1991), «Летнія навальніцы» (1996), «Успамін» (2001). Творы вызначаюцца рытмічнасцю кампазіцыі, гарманічнасцю колеравых суадносін, стрыманасцю каларыту і падкрэсленай дэкаратыўнасцю.

т. 15, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)