СУЛЬФАНІЛАМІ́ДЫ,
сінтэтычныя процімікробныя лек. сродкі, вытворныя аміду сульфанілавай кіслаты. Адкрыты Г.Домагкам (1935). Прыпыняюць размнажэнне мікраарганізмаў, блакіруюць сінтэз нуклеінавых к-т і бялкоў. Падзяляюцца на прэпараты кароткага (напр., стрэптацыд, этазол, урасульфан), сярэдняга (напр., сульфазін), працяглага (напр., сульфадыметаксін) і звышпрацяглага (сульфален) дзеяння. С. мясц. ўжывання: альбуцыд (пры хваробах вачэй), фталазол (пры кішэчных інфекцыях). Ужываюцца пры бранхітах, пнеўманіях, цыстытах, урэтрытах, сальманелёзах, трахоме і інш.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)