СТЭМФІ́ЛІУМ (Stemphylium),
род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы. На Беларусі 4 віды С.: паслёнавы (S. solani), сарцынападобны (S. sarciniforme), цыбулевы (S. allii), шматгронкавы (S. botryosum). Трапляюцца на расл. рэштках, насенні, спелых пладах, выклікаюць іх гніенне. Некат. факультатыўныя паразіты, узбуджальнікі плямістасці раслін (бульбы, канюшыны, лубіну і інш.).
Міцэлій септыраваны, развіваецца ў тканках або часткова на паверхні. Канідыяносцы дыферэнцыраваныя, адзіночныя ці ў выглядзе дзярнінак. Канідыі адзіночныя, верхавінкавыя, з папярочнымі і падоўжанымі перагародкамі або з некалькімі перацяжкамі.
С.І.Бельская.
т. 15, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)