СТУ́ДЗІНА,

традыцыйная мясная страва ў многіх народаў. У беларусаў лакальныя назвы квашаніна, квашэліна, халадзец, дрыгва, ляк, юха і інш. Вараць звычайна са свініны (памытыя і пасечаныя на кавалкі ногі, часткі галавы, вушы, хвост). Часам дадаюць ялавічыну, птушку. Кладуць моркву, цыбулю, прыправы. Вараць доўга, каб мяса ўпарылася і адстала ад касцей. Потым косці выбіраюць, мяса рэжуць, пасыпаюць дробна накрышаным сырым часнаком. Заліваюць булёнам (юшкай), разліваюць у міскі або талеркі і ставяць у халоднае месца, каб застыла.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 15, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)