СПРАВАЗДА́ЧНАСЦЬ,
сістэма паказчыкаў, якая характарызуе вынікі работы прадпрыемства (установы, арг-цыі, фірмы) за пэўны перыяд. Дае магчымасць рабіць абагульняльныя вывады пра эканам. дзейнасць галіны, рэгіёна і ўсёй нар. гаспадаркі краіны, весці кантроль за гасп. і фін. дзейнасцю дзярж. прадпрыемстваў. Падаецца вышэйшым галіновым арг-цыям, а таксама органам статыстыкі, Мін-ву фінансаў і Нацбанку Рэспублікі Беларусь. Адрозніваюць С.: статыстычную (па асобных відах дзейнасці) і бухгалтарскую (па ўсёй дзейнасці), унутрыгадавую (пяцідзённую, дэкадную, месячную, квартальную, паўгадавую) і гадавую. Статыстычная С. падзяляецца на агульнадзяржаўную, унутрыведамасную, тыпавую і спецыялізаваную. Агульнадзяржаўная — абавязковая для прадпрыемстваў і арг-цый усіх мін-ваў і ведамстваў рэспублікі; унутрыведамасная (галіновая) ужываецца толькі ў межах пэўнай галіны; тыпавая — агульная для ўсіх галін эканомікі; спецыялізаваная ўжываецца ў галінах, якія маюць спецыфічныя асаблівасці. Гл. таксама Баланс, Бухгалтарскі ўлік, Інвентарызацыя.
Н.М.Бандарэнка.
т. 15, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)