СПАРА́НГІЙ (ад споры + грэч. angeion пасудзіна, умяшчальня),

аднаклетачны (у грыбоў і многіх ніжэйшых раслін) ці мнагаклетачны (у вышэйшых) орган, у якім утвараюцца споры. У грыбоў і ніжэйшых раслін С. адрозніваюць па асаблівасцях структуры спор, што ў іх развіваюцца (зоаспарангій), колькасці спор (мона-, тэтраспарангій), знешнім выглядзе (цыстакарпій), спосабе ўтварэння спор (міта-, меяспарангій) і інш. Вышэйшыя расліны маюць толькі меяспарангіі, у мохападобных — каробачка спарагонія. У папараце- і дзеразападобных С. развіваюцца на спарафілах або ў іх пазухах і бываюць адзінкавыя ці групамі (сорусы). У раўнаспоравых папарацепадобных С. аднаго тыпу, і споры іх прарастаюць у двухполыя зарасткі. У разнаспоравых С. двух тыпаў (мікра- і мегаспарангій) прадуцыруюць мікраспоры і мегаспоры, з якіх развіваюцца мужчынскія і жан. зарасткі.

т. 15, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)