СПАЖЫВА́ННЕ,
выкарыстанне грамадскага прадукту для задавальнення вытворчых і асабістых патрэб людзей; заключная стадыя ўзнаўленчага цыкла. Адрозніваюць С. вытворчае і невытворчае. Вытворчае — выкарыстанне сродкаў вытворчасці (машыны, інструменты, паліва, сыравіна і г.д.) і рабочай сілы чалавека ў працэсе вырабу прадукцыі; невытворчае — выкарыстанне прадметаў ужытку. Апошняе падзяляецца на асабістае і грамадскае. Асабістае — выкарыстанне чалавекам харч. прадуктаў, адзення, абутку, тавараў культ.-быт. ўжытку, паліва, жылля і г.д., а таксама задавальненне яго патрэб у адукацыі, адпачынку, ахове здароўя і інш. Канчатковым вынікам размеркавання фонду асабістага С. з’яўляецца фарміраванне сямейных бюджэтаў (гл. Бюджэт спажывецкі), сукупных даходаў працуючых і непрацуючых чл. сям’і. Грамадскае С. ўключае спажываныя матэрыяльныя каштоўнасці і паслугі арг-цыямі і ўстановамі невытворчай сферы (адукацыя, ахова здароўя, навука, абарона, кіраванне і інш.).
т. 15, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)