СО́ЛТАНЫ, Перасвет-Солтаны,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. Родапачынальнік Аляксандр (Солтан) — падскарбі земскі ў 1443—54, шмат падарожнічаў па Еўропе, быў пры дварах герм. імператара, неапалітанскага, партугальскага і англ. каралёў, міланскага і бургундскага герцагаў. Найб. вядомыя:
Андрушка Аляксандравіч (? — да 21.6.1498), сын Аляксандра (Солтана), падскарбі дворны ў 1486 і земскі з 1486. Івахна Андрэевіч (?—1554), сын Андрушкі Аляксандравіча, падскарбі дворны ў 1505—54, намеснік мейшагалаўскі і дубянецкі ў 1507—08, вялёнскі з 1609. Івашка (Солтан) Аляксандравіч (? — 1495), сын Аляксандра (Солтана), падскарбі земскі ў 1473—86 і дворны з 1476, маршалак гаспадарскі ў 1482—93, слонімскі намеснік у 1486—87 і гараднічы ў 1486, намеснік новагародскі ў 1486—87, староста бельскі з 1493. Аляксандр Солтанавіч (? — каля 1554), сын Івашкі (Солтана) Аляксандравіча, маршалак дворны ў 1514—54. Іван Аляксандравіч (пасля 1520 — да 20.9.1577), сын Аляксандра Солтанавіча, дзяржаўца астрынскі з 1566, маршалак дворны з 1572. Станіслаў (1746 або 27.8.1756—1836), гл. Солтан С.
Існаваў іншы род С. (Салтанавічаў), з якога паходзіў мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі Іосіф II (1506—1521 або 1522).
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 15, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)