«СО́КАЛ»,

замак, што існаваў y 16 ст. непадалёк ад в. Сакалішча (Расонскі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў пач. Лівонскай вайны 1558—83 паводле загаду рус. цара Івана IV Грознага як крэпасць на захопленых полацкіх землях. Паўавальны ў плане замак з 10 вежамі, якія ўнутры былі падзелены на 2—3 ярусы, мелі баявыя памяшканні і амбразуры. 4 вежы чацверыковыя, завершаныя 2-схільнымі дахамі, астатнія васьмерыковыя, з высокімі шатровымі дахамі. Вежы стаялі на высокіх насыпах і злучаліся абарончымі сценамі. У сцяне, процілеглай закругленай частцы, размяшчаліся арачная брама пад 2-схільным дахам з 2 байніцамі абапал праезду. У цэнтры замкавага двара стаяла царква, якую абкружалі прамавугольныя ў плане хаты. Замак адлюстраваны на малюнку С.​Пахалавіцкага (1579). Разбураны ў 1579 войскамі караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя.

Замак «Сокал». З малюнка С.​Пахалавіцкага. 1579.

т. 15, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)