СМАЛЯ́НКА, смолка (Melandrium),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды С.: белая (M. album), нар. назвы панчошнік, светнік, трапляецца часта ў пасевах, каля жылля, і двухдомная (M.dioicum), нар. назва шчаўкушкі, расце па хмызняках і ярах.

Адна-, двух-, і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з залозістым або простым апушэннем. Лісце супраціўнае, суцэльнае, прыкаранёвае звужана ў чаранок, сцябловае — сядзячае. Кветкі белыя, чырв., светла-пурпурныя ў паўпарасоніках. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, некат. пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Смалянка белая.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)