САЛЮТРЭ́ (франц. Solutré),

салютрэйская культура, археал. культура верхняга палеаліту (19—15 тыс. г. да н.э.), якая змяніла арыньякскую (гл. Арыньяк) і перыгорскую культуры і папярэднічала мадлену. Пашырана на тэр. Францыі і Іспаніі. Выяўлена франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў 1860-я г. Назва ад стаянкі Салютрэ (дэпартамент Сона і Луара, Францыя). Насельніцтва культуры С. карысталася крамянёвымі наканечнікамі лаўра- ці вербападобнай формы, выкананымі ў тэхніцы адціскальнай рэтушы. Частка іх выкарыстоўвалася ў якасці наканечнікаў коп’яў і дроцікаў, частка — як нажы і кінжалы. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, разцы, праколкі, вастрыі, касцяныя наканечнікі, іголкі з вушкамі і інш.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)