расійскі дызайнер, жывапісец, графік, мастак тэатра і кіно, фотамастак. Вучыўся ў Казанскай маст. школе (1911—14), Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы ў Маскве (1914—16). У 1918 у аддзеле выяўл. мастацтва Наркамасветы Расіі, заг. Музейнага бюро, дырэктар Музея жывапіснай культуры. Адзін з заснавальнікаў Ін-та маст. культуры (1920). У 1920—30 выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (праф.). Чл.маст. аб’яднанняў «Жывскульптарх» (1919—20), ЛЕФ (1922—29). «Кастрычнік» (1928—32). У 1910-я г. распрацоўваў ідэі канструктывізму ў жывапісе і графіцы, эксперыментаваў з плоскасцю, лініяй, колерам, фактурай: графічныя цыклы «Кампазіцыі рухаў праецыраваных і пафарбаваных плоскасцей», Канцэнтрацыя колеру і форм», «Лініі», «Лініізм», «Кампазіцыя і канструкцыя»; жывапісныя творы: «Жаночая фігура» (1915), «Беспрадметная кампазіцыя на жоўтым фоне», «Канструкцыя», «Чорнае на чорным», «Белы круг» (усе 1918), «Лініі на зялёным» (1919), «Кампазіцыя» (1920) і інш. Пазней адышоў ад жывапісу і прапагандаваў ідэі «вытворчага мастацтва». Працаваў у кніжнай (аформіў 13 кніг У.Маякоўскага) і часопіснай (час. «ЛЕФ», «Новый ЛЕФ», «Журналист», «СССР на стройке») графіцы, рэкламе (плакаты з тэкстамі Маякоўскага, плакаты да фільмаў «Кінавока» Дз.Вертава, 1924; «Браняносец «Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, 1929), тэатр. мастацтве (аформіў спектакль «Клоп» паводле Маякоўскага ў т-ры імя У.Меерхольда ў Маскве, 1929), фотамастацтве (адзін з першых выкарыстаў фотамантаж). Аўтар шэрагу праектаў афармлення інтэр’ераў, у якіх пад уплывам У.Татліна ствараў трохмерныя канструкцыі з дрэва, металу і кардону [кафэ «Пітарэск» у Маскве (з Татліным і Г.Якулавым), рабочы клуб на Сусв. выстаўцы дэкар. мастацтва ў Парыжы, 1925]. У 1930-я г. працаваў пераважна ў кніжнай графіцы і фотамастацтве. Фотаработы спалучаюць строгую дакументальнасць, прадметнасць выявы з экспрэсіяй кампазіцыі і святлоценявога вырашэння, дынамічнасцю ракурсаў. Шэраг работ стварыў са сваёй жонкай В.Сцяпанавай. У 1940—50-я г. фотарэпарцёр, мастак Музея рэвалюцыі СССР і Дома тэхнікі ў Маскве; вярнуўся да абстрактнага жывапісу.
Тв.:
Статьи. Воспоминания. Автобиографические записки. Письма. М., 1982.
Літ.:
Волков-Ланнит Л. Александр Родченко рисует, фотографирует, спорит. М., 1968;
Маца И.Л. Александр Родченко: Творческий путь художника // Искусство. 1972. №1.