РАМАНЕ́НКА (Юрый Віктаравіч) (н. 1.8.1944, пас. Калтубанаўскі Бузулукскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1980). Лётчык-касманаўт СССР (1978), палкоўнік (1977; у адстаўцы). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1966). З 1970 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 10.12.1977—16.3.1978 з Г.М.Грэчкам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-26» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6». У час палёту да АС прыстыкоўваліся КК «Саюз-27» (экіпаж У.А.Джанібекаў, А.Р.Макараў), грузавы трансп. карабель «Прагрэс-1», КК «Саюз-28»(экіпаж А.А.Губараў, У.Рэмек). На Зямлю вярнуўся на КК «Саюз-27». 18—26.9.1980 з А.Тамаё Мендэсам здзейсніў палёт на КК «Саюз-38» і АС «Салют-6» (асн. экіпаж АС Л.І.Папоў, В.В.Румін); 6.2—29.12.1987 з А.​І.​Лавейкіным — на КК «Саюз ТМ-2» і АС «Мір» (на Зямлю вярнуўся на КК «Саюз ТМ-3»). У палётах удзельнічаў як камандзір. Правёў у космасе 430,76 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага.

У.​С.​Ларыёнаў.

Ю.В.Раманенка.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)