ПРАТ ((Pratt) Джэймс Бісет) (22.6.1875, г. Элмайра, ЗША — 15.1.1944),

амерыканскі філосаф, гісторык рэлігіі і педагог; адзін з заснавальнікаў крытычнага рэалізму. Канцэпцыі крытычнага рэалізму злучаў з ідэямі персаналізму і тэорыяй эмерджэнтнай эвалюцыі. Займаўся гісторыяй, псіхалогіяй і сацыялогіяй рэлігіі. Разглядаў рэліг. вераванні як гіст. ўтварэнні, але лічыў, што рэлігія, як неадольнае імкненне чалавека спасцігнуць «найвышэйшую рэальнасць» і выразіць сваю эмацыянальную ацэнку яе, вечная. Адзін з аўтараў зб. «Нарысы крытычнага рэалізму» (1920), аўтар прац «Матэрыя і дух» (1922), «Персаналістычны рэалізм» (1937), «Натуралізм» (1939) і інш.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)