ПОЛІЭФІ́РЫ,
сінтэтычныя палімеры, якія ў асн. ланцугу макрамалекулы маюць простую эфірную C—O—C (простыя П.) ці складанаэфірную —C(O)O— групу (складаныя П.).
Паводле прыроды вуглевадароднага фрагмента асн. ланцуга падзяляюць на аліфатычныя і араматычныя. Простыя П. атрымліваюць катыённай полімерызацыяй цыклічных аксідаў ці полікандэнсацыяй, складаныя — поліэтэрыфікацыяй (полікандэнсацыя, якая прыводзіць да ўтварэння ў макрамалекуле складанаэфірных сувязей) дыкарбонавых кіслот ці іх вытворных (дыэфіраў, дыхлорангідрыдаў) з гліколямі або паліоламі. Простыя П. — цвёрдыя крышт. ці шклопадобныя рэчывы. Аліфатычныя маюць нізкія т-ры плаўлення (ад 40 да 180 °C). найб. тэрмаўстойлівыя поліэтылен- і поліпрапіленаксіды раскладаюцца пры t > 300 °C. Раствараюцца ў вадзе (акрамя поліфармальдэгіду; за выключэннем поліэтыленаксіду растваральнасць П. памяншаецца з павелічэннем іх малекулярнай масы), хлараваных і араматычных вуглевадародах, эфірах, кетонах; гідралізуюцца к-тамі. Араматычныя не раствараюцца ў вадзе, устойлівыя ў растворах шчолачаў і кіслот; тэрмаўстойлівыя (раскладаюцца пры т-ры 350—400 °C). Найб. шырока выкарыстоўваюць поліфармальдэгід, поліэтылен- і поліпрапіленаксіды, пентапласт, полівінілацэталі. Складаныя П. — высокавязкія вадкасці ці цвёрдыя аморфныя або крышт. рэчывы. шчыльн. 900—1500 кг/м³, мал. м. (0,5—500) 103 (для аліфатычных меншая за 50 тыс.). Звычайна не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў арган растваральніках. Найб. тэрмаўстойлівыя — поліарылаты (складаныя П. двухатамных фенолаў і дыкарбонавых кіслот) раскладаюцца пры т-ры вышэй за 300 °C. Уступаюць у рэакцыі, характэрныя для складаных эфіраў. Найб. пашыраны алкідныя смолы, поліэтылентэрэфталат, поліарылаты (у т. л. полікарбанаты), П. малеінавай і фумаравай кіслот (гл. Поліэфірныя смалы) і поліэфірурэтаны (гл. Поліурэтаны).
М.Р.Пракапчук.
т. 12, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)