ПАТРУЛЯВА́ННЕ (ад франц. patrouiller хадзіць дазорам),

спосаб прыкрыцця (назірання, абароны, аховы) раёна мясцовасці, часткі паветр. або воднай прасторы. П. выконваюць патрулі, часам дазорныя пешшу, на наземным, паветр. і водным транспарце спосабам абходу (аб’езду, аблёту, плавання) у пазначаных раёнах або на пэўных маршрутах. Патруль (дазор) можа ўключаць групу (падраздзяленне) ваеннаслужачых, 1—2 самалёты або караблі. П. арганізуецца таксама ў гарнізонах, населеных пунктах і інш. з мэтай падтрымання парадку і дысцыпліны сярод ваеннаслужачых і інш. катэгорый грамадзян (у надзвычайных абставінах і некат. інш. выпадках ажыццяўляецца сумеснае П. ваеннаслужачымі і супрацоўнікамі міліцыі).

т. 12, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)