ПАСКА́ЛЬ,

працэдурна-арыентаваная мова праграмавання высокага ўзроўню. Распрацавана ў 1969—71 швейц. вучоным Н.​Віртам для мэт навучання праграмаванню і названа імем Б.Паскаля.

Характэрныя асаблівасці: шырокая наменклатура базавых тыпаў даных, строгая тыпізацыя даных і пераменных, магчымасць выбару адной з некалькіх паслядоўнасцей (галін) аператараў па вылічаным нумары галіны і інш. Вызначаецца адноснай прастатой і высокай эфектыўнасцю рэалізацыі большасці навук.-тэхн. задач выліч. характару, сістэм кіравання базамі даных і экспертных сістэм. Выкарыстоўваецца як мова праграмавання персанальных ЭВМ, а таксама для навучання праграмаванню, складання транслятараў і інш. праграм.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)