НАФТАБА́ЗА,
комплекс збудаванняў, абсталявання і прыстасаванняў для прыёму, захоўвання і размеркавання нафты і нафтапрадуктаў. Бываюць перавалачныя (для перагрузкі нафты з аднаго віду транспарту на другі), прызаводскія (для захоўвання і падрыхтоўкі сыравіны да перапрацоўкі, для прыёму, захоўвання і водпуску гатовых нафтапрадуктаў), размеркавальныя (забяспечваюць прадпрыемствы нафтапрадуктамі, адпускаюць іх спажыўцам). Размеркавальныя Н. падзяляюцца на абласныя і раённыя, чыгуначныя, водна-чыгуначныя, водныя, трубаправодныя і глыбінныя. Многія Н. выконваюць змешаныя функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)