«МАЛА́НКА»,

заходнебеларускі сатырыка-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на бел. мове з 15.1.1926 Беларускай сялянска-работніцкай грамадой (БСРГ), у 1927—28 яе паслядоўнікамі. Выходзіў раз у 2 тыдні. Рэдактарамі-выдаўцамі ў розны час былі Я.​Касяк, М.​Луцэвіч, І.​Маразовіч (Я.​Маланка). Выступаў у абарону інтарэсаў народа Зах. Беларусі, садзейнічаў фарміраванню яго нац. і паліт. свядомасці, асуджаў палітыку сац. і нац. прыгнёту польскімі ўладамі. Публікаваў маст. творы (вершы, байкі, апавяданні, фельетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты), публіцыстычныя артыкулы, допісы. Змясціў творы Міхася Касцевіча (Васілька), Маразовіча, М.​Засіма, У.​Паўлюкоўскага (У.​Ініцкага), Г.​Леўчыка, Макара Касцевіча (Звончыка), Я.​Пачопкі (Башкіра), І.​Дварчаніна, М.​Краўцова, Я.​Драздовіча (Народніка), сатыр. вершы Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. Карыкатуры і гумарыстычныя малюнкі Я.​Горыда, Драздовіча, Маразовіча, В.​Сідаровіча, М.​Васілеўскага вызначаліся высокім прафесіяналізмам, вастрынёй і надзённасцю, паліт. падтэкстам. Асобныя нумары «М.» канфіскаваны, замест іх выйшлі аднадзёнкі «Пякучая маланка», «Новая маланка» (абедзве 1928). Выданне спынена з-за рэпрэсій польскіх улад. Усяго выйшла 43 нумары.

Вокладка часопіса «Маланка» 1927.

Літ.:

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

Ліс А. Пякучай маланкі след. Мн., 1981;

Гэй, смалі, страляй, маланка! Мн., 1989.

С.​В.​Говін.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)