МІ́ДУЭЙ

(Midway),

уладанне ЗША на аднайменных каралавых астравах у Ціхім ак., у паўн.-зах. групе Гавайскіх а-воў. Пл. 5,2 км2. Нас. каля 2,5 тыс. чал. (1999), пераважна амерыканцы. Астравы ўзніклі на базальтавай аснове разбуранага вулкана, уздымаюцца над узроўнем акіяна на некалькі метраў. Клімат субтрапічны пасатны. У раслінным покрыве пераважаюць какосавыя пальмы. Астравы абвешчаны запаведнікам, на іх гняздзяцца рэдкія віды альбатросаў, фрэгатаў і інш. птушак. М. — прамежкавая база на паветр. шляху паміж ЗША і краінамі Азіі.

Атол адкрыты ў 1859. З 1867 заняты войскамі ЗША (у 1903 падпарадкаваны ВМС). Да 2-й сусв. вайны пункт прамежкавай пасадкі для трансціхаакіянскага руху. У 2-ю сусв. вайну каля М. 4—6.6.1942 адбылася бітва паміж яп. ударным злучэннем (11 лінейных караблёў, 6 авіяносцаў з 293 самалётамі, 16 крэйсераў, 53 эскадраныя мінаносцы і інш.) і амер. флотам (3 авіяносцы з 243 самалётамі, 8 крэйсераў, 14 эсмінцаў), у выніку якой Японія страціла перавагу ў авіяносцах над ЗША У гэтых баях знішчаны 4 авіяносцы, 1 крэйсер і 253 яп. самалёты, 1 авіяносец, 1 эсмінец і 150 амер. самалётаў. Цяпер ваен. база ЗША.

Літ.:

Бакурский В. Мидуэй — забытый атолл // Крылъя Родины. 1994. № 3, 6.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)