ЛАРДО́З,
скрыўленне пазваночніка ўперад. Першапачатковы Л. узнікае пры паталогіі пазваночніка (заганы развіцця, пухліны, запаленчы працэс). Другасны паталагічны Л. — сімптом прыроджанага ці паталаг. вывіху бядра. Праяўляецца дэфармацыяй пазваночніка (актыўныя рухі хворага аддзела пазваночніка абмежаваны) і болямі. Вядзе да апускання ўнутр. органаў (страўніка, кішак, нырак). Лячэнне — гімнастыка, масаж, у некат. выпадках нашэнне бандажа; прафілактыка — выхаванне ў дзяцей правільнай постаці.
т. 9, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)