КУЗНЕ́Ц (Kuznets) Сайман Сміт (сапр. Сямён Абрамавіч; 30.4.1901, г. Пінск, Брэсцкая вобл. — 9.7.1985),
амерыканскі эканаміст і статыстык; адзін з заснавальнікаў эмпірычнай эканомікі і колькаснай эканам. гісторыі. Д-р філасофіі (1926). Чл.Нац.АН ЗША (1972). З 1922 у ЗША. Скончыў Калумбійскі ун-т (1924). У 1927—60 у Нац. бюро эканам. даследаванняў. Адначасова праф. ун-таў штата Пенсільванія (1930—54), Дж.Гопкінса (1954—60), Гарвардскага (1960—71). У 1949—68 старшыня к-та па эканам. росце пры ўрадзе ЗША, адначасова ў 1950—60-я г.эканам. саветнік урадаў Кітая, Японіі, Індыі, Тайваня і Ізраіля. У 1949 прэзідэнт Амер.статыст., у 1954 — Амер.эканам. асацыяцый. Навук. працы і даследаванні ў галіне эканаметрыі, эканам. статыстыкі і гісторыі і інш. Даў першыя афіц. ацэнкі нац. даходу ЗША (1932—34), зрабіў вызначальны ўклад у распрацоўку методыкі падліку валавога нац. прадукту. Адкрыў 20-гадовы перыяд ваганняў хуткага і павольнага эканам. росту (цыкл К., 1930), залежнасць паміж няроўнасцю даходаў і эканам. ростам краін, якія развіваюцца (крывая К., 1955). Адным з першых раскрыў ролю капіталаўкладанняў у чалавечы фактар як аснову сучаснага эканам. росту (1966). Асн. працы «Капітал у амерыканскай эканоміцы» (1961), «Сучасны эканамічны рост» (1966), «Эканамічны рост нацый» (1971), «Рост і структурныя змены» (1979), «Эканамічнае развіццё, сям’я і размеркаванне даходаў» (выд. 1989). Нобелеўская прэмія 1971.
Літ.:
Абрамовиц М. Сейман Кузнец (1901—1985) //THESIS. 1993. Т. 1, вып. 2.