КРАЧЭ́ЎСКІ (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч

(7.8.1879, Кобрынскі пав. Гродзенскай губ. — 8.3.1928),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1902). Настаўнічаў. У 1909—14 працаваў у Віленскім дзярж. банку. З 1914 на вайск. службе. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 старшыня Барысаўскага Савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегат Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, дзярж. кантралёр, нар. сакратар фінансаў, нар. сакратар гандлю і прам-сці; узначальваў Цэнтр. бел. гандл. палату. Адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. З 13.12.1919 старшыня Рады БНР. З 1920 у эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. З пазіцыі абароны інтарэсаў Беларусі асуджаў Рыжскі мірны дагавор 1921, рашэнні Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925). Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (1921), вершаў, перакладаў з чэш. і ўкр. моў. Пахаваны ў Празе.

В.Г.Мазец.

П.А.Крачэўскі.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)