КАНА́Т,

гнуткі выраб з стальнога дроту або нітак пражы (каболак) расліннага, мінер. ці сінт. паходжання. Падзяляюцца на кручаныя (вітыя), някручаныя і плеценыя.

Стальныя К. робяць з высокатрывалага дроту дыяметрам 0,3—4 мм. Кручаныя атрымліваюць адзінарным (спіральныя К), двайным (тросавыя) і трайным (кабельтавыя) звіваннем. Для эластычнасці ў сярэдзіну К. ўплятаюць валакністы або метал. асяродак. Звіванне бывае аднабаковае (дрот у пасмах і самі пасмы скручаны ў адзін бок) і крыжовае (у розныя бакі). Някручаныя К. складаюцца з шчыльна ўкладзеных груп стальнога дроту або спіральных К., змацаваных спіральнай абмоткай ці заціскачкамі. Плеценыя К. робяць з цотнага ліку (звычайна 4) пасмаў, скручаных у розных напрамках. Неметалічныя К. звіваюць з доўгіх натуральных (пяньковых, баваўняных, джутавых, сізалевых, азбеставых) або сінтэтычных (капронавых, нейлонавых, поліпрапіленавых і інш.) валокнаў (з кароткіх пяньковых і баваўняных валокнаў уюць вяроўкі, шпагат і да т.п.). Канатна-вяровачныя вырабы з валакністых матэрыялаў і стальнога дроту наз. тросамі (пра іх злучэнне гл. ў арт. Вузлы марскія). К. выкарыстоўваюць на транспарце (на канатных дарогах, фунікулёрах, у суднавым такелажы і інш.), у буд-ве (у вісячых канструкцыях, грузападымальных машынах), горнай (у шахтавых пад’ёмніках, каменярэзных машынах), рыбалоўнай (у тралах. невадах), лясной і інш. галінах прам-сці.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)