КА́ДАМЦАЎ (Барыс Барысавіч) (н. 9.11.1926, г. Пенза, Расія),
расійскі фізік. Акад.Рас.АН (1970; чл.-кар. 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1956 у Рас.навук. цэнтры «Курчатаўскі ін-т». Навук. працы па фізіцы плазмы (устойлівасць, з’явы пераносу, тэрмаізаляцыі і інш.) і праблеме кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу. Прадказаў жалабковую няўстойлівасць разрэджанай плазмы, тэарэтычна растлумачыў шэраг з’яў няўстойлівасці ў сістэмах для ўтрымання плазмы і прапанаваў метады яе стабілізацыі. Ленінская прэмія 1984, Дзярж. прэмія СССР 1970.