КІШ,

старажытны горад (цяпер гарадзішча Ахеймір) у Іраку, на ПнУ ад Вавілона. Узнік у канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. на месцы стараж. пасяленняў. У 28 ст. да н. э. цэнтр 1-га аб’яднання плямён шумераў, у 27 ст. да н. э. ў барацьбе з г. Урук страціў сваё вяршэнства. У 27—25 ст. да н. э. правіцелі К. імкнуліся ўтрымаць гегемонію ў Паўн. Шумеры. У 24 ст. да н. э. зруйнаваны шумерскім царом Лугальзагісі, адноўлены акадскім царом Сарганам. Пазней страціў сваё значэнне, быў правінцыяльным цэнтрам Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў, Парфянскага царства і дзяржавы Сасанідаў. У выніку археал. даследаванняў (1912 і 1923—32) выяўлены руіны палаца (28—25 ст. да н. э.), некропаль (2-я чвэрць 3-га тыс. да н. э.) з вял. колькасцю керамікі і бронзавай зброі, будынкі акадскай эпохі, архіў клінапісных дакументаў (пач. 3—1-га тыс. да н. э.).

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)