ДЭФЕКА́ЦЫЯ (ад лац. defaecatio ачышчэнне),

выдаленне незасвоеных рэшткаў ежы са стрававальнага тракту; у млекакормячых жывёл і чалавека — апаражненне тоўстых кішак ад калавых мас. Пры Д. рэфлекторна расслабляюцца сфінктары, якія закрываюць прамую кішку, і кал выкідваецца перыстальтычнымі рухамі тоўстай і прамой кішак. Цэнтр рэфлексу Д. знаходзіцца ў паяснічнай ч. спіннога мозга. Адвольны ўплыў, што стымулюе ці затрымлівае Д., ідзе ад кары галаўнога мозга.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)