ДЭКАРБАКСІЛІ́РАВАННЕ,
адшчапленне дыаксіду вугляроду CO2 ад карбаксільнай групы карбонавых к-т. Адрозніваюць ферментатыўнае і неферментатыўнае Д. Ферментатыўнае адбываецца пры ўздзеянні ферментаў дэкарбаксілаз, удзельнічае ў абмене рэчываў жывых арганізмаў. Асаблівае значэнне маюць рэакцыі акісляльнага Д. пірувату з утварэннем ацэтылкаферменту A і α-кетаглутаравай к-ты з утварэннем сукцынілкаферменту A, Д. пірувату ў анаэробных умовах (браджэнне), Д. фосфаглюконавай к-ты ў пентозафасфатным цыкле, маланілкаферменту A пры сінтэзе тлустых к-т і інш. Д. некат. амінакіслот у тканках жывёл і чалавека садзейнічае ўтварэнню біягенных амінаў і медыятараў (гістамін, сератанін, норадрэналін і інш.). Неферментатыўнае Д. можа быць пры награванні ці пад уплывам хім. рэактываў.
т. 6, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)