ГЕРМЕНЕ́ЎТЫКА
(грэч. hermēneutikē ад hermēneuō растлумачваю, тлумачу),
майстэрства тлумачэння стараж. рэліг. і гіст. тэкстаў; вучэнне аб прынцыпах іх інтэрпрэтацыі, якое спалучала асновы багаслоўя і філалогіі.
2) Вучэнне аб разуменні тэкстаў твораў, метадалагічная аснова гуманітарных навук. Выкарыстоўваецца таксама ў музыцы і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў). Узнікла ў эпоху элінізму ў сувязі з даследаваннем класічных тэкстаў. Найб. развіццё як метадалагічны прыём атрымала ў рамках экзегетыкі пры тлумачэнні тэкстаў Бібліі і іх пачуццёва-літаральнага сэнсу. З пачаткам фарміравання ў эпоху Адраджэння класічнай філалогіі, незалежнай ад тэалогіі, герменеўтыка выступала як майстэрства перакладу помнікаў мінулай ант. культуры на мову жывой, сучаснай культуры. Выкарыстоўваецца таксама ў музыцы і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў). Як агульнафілас. праблема герменеўтыкі пастаўлена ў раннім ням. рамантызме Ф.Шлегелем і распрацавана Ф.Шлеермахерам. Як метад уласна гіст. інтэрпрэтацыі далей распрацоўвалася прадстаўнікамі т.зв. гіст. школы (Л.Ранке, І.Г.Дройзен, В.Дзільтэй). У 1920-я г. паступова выпучылася ў адну з асн. метадалагічных працэдур у рамках уласна экзістэнцыялізму (Э.Гусерль, М.Хайдэгер), а потым і ва ўласна філасофскай герменеўтыцы (Г.Г.Гадамер, Ю.Хабермас). У 1960—70-я г. праблемы герменеўтыкі распрацоўвалі П.Рыкёр, Т.Кун, Э.Карэт, Э.Гайнтэль і інш. Пры ўсіх адрозненнях варыянтаў філас. герменеўтыкі агульнымі яе рысамі з’яўляюцца недавер да непасрэднага сведчання свядомасці, да абвешчанага Р.Дэкартам прынцыпу непасрэднай верагоднасці самапазнання і зварот да «ўскоснага сведчання» аб жыцці, свядомасці, якія ўвасабляюцца не столькі ў логіцы, колькі ў мове.
Літ.:
Михайлов А.А. Современная философская герменевтика. Мн., 1984;
Рикер П. Герменевтика. Этика. Политика: Моск. лекции и интервью: Пер. с фр. М., 1995;
Szondi P. Einführung in die literarische Hermeneutik. Frankfurt-am-Main, 1975;
Hermeneutics and Modern Philosophy. New York, 1986.
т. 5, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)