ГАЛА́НДЫЯ
(Holland),
гістарычная вобласць на З Нідэрландаў. Утварылася ў 10 ст. як графства. У 1299—1354 аб’яднана з графствам Генегаў (Эно). У 1433—77 у складзе Бургундыі. З 1477 (канчаткова з 1482) пад уладай Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Найб. эканамічна развітая правінцыя (сукнаробства, рыбалоўства, мараходства, суднабудаванне, гандаль), адыграла вядучую ролю ў Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі, у ходзе якой утворана незалежная Рэспубліка Злучаных правінцый (наз. таксама Галандская рэспубліка або проста Галандыя) з эканам. і паліт. ядром у Галандыі. У 1806—10 існавала залежнае ад Францыі Галандскае каралеўства на чале з Луі Банапартам. У складзе сучаснага Каралеўства Нідэрландаў (з 1830; неафіцыйна наз. Галандыя) падзяляецца на 2 правінцыі — Паўн. (адм. цэнтр г. Харлем) і Паўд. (адм. цэнтр г. Гаага).
т. 4, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)