БУ́РБІС Аляксандр Лаўрэнавіч
(псеўд. Стары Піліп; 20.10.1885, Вільня — 20.3.1922),
дзеяч бел. нац.-вызв. руху. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), чл. яе ЦК. У ліст.—снеж. 1905 пад яго кіраўніцтвам ў Мейшагольскай вобл. Віленскага пав. ўзнікла «Мейшагольская рэспубліка». З пач. 1906 у Мінску вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі рабочых-сталяроў Мінска і с.-г. рабочых Навагрудскага пав. У жн. 1906 арыштаваны і да 1909 зняволены ў турме. Пасля працаваў у Віленскім т-ве сельскай гаспадаркі, з 1915 — у Нар. банку ў Маскве. У 1917 узначальваў Маскоўскую арг-цыю БСГ. У 1918 консул Бел. Нар. Рэспублікі ў Маскве. З лют. 1919 у ВСНГ РСФСР, з мая 1919 у Наркамземе Літ.-Бел. ССР. У 1920 удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь». У 1921 уступіў у Камуніст. партыю. З ліп. 1921 нам. наркома замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў Т-ва Чырв. Крыжа БССР. Чл. ЦВК БССР у 1921—22. Выступаў у абарону самастойнасці Сав. Беларусі, яе тэр. цэласнасці, культ.-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў бел. нац. руху, у т. л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзярж. палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэр. БССР. Аўтар навук. працы «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (1920, апубл. ў 1922), арт. «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» (апубл. 1921). Вядомы як акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў бел. прафес. тэатра. Удзельнічаў у рабоце Першай бел. трупы І.Буйніцкага, Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. Паставіў спектаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.Крапіўніцкага, «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915).
М.В.Біч.
т. 3, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)