БО́ЛЬЦМАН
(Boltzmann) Людвіг (20.2.1844, Вена — 5.9.1906),
аўстрыйскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў класічнай стат. фізікі. Чл. Венскай (1895), Пецярбургскай (1899) і інш. АН. Скончыў Венскі ун-т (1866). Праф. ун-таў у Грацы (1869—73, 1876—89), Вене (1873—76, 1894—1900 і з 1903), Мюнхене (1889—94) і Лейпцыгу (1900—02). Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, тэрмадынаміцы, тэорыі выпрамянення, матэматыцы, механіцы і інш. Разам з Дж.К.Максвелам распрацаваў Больцмана статыстыку, устанавіў сувязь паміж энтрапіяй і тэрмадынамічнай імавернасцю (гл. Больцмана прынцып), заклаў асновы тэорыі неабарачальных працэсаў, у 1884 тэарэтычна адкрыў адзін з законаў цеплавога выпрамянення (гл. Стэфана—Больцмана закон выпрамянення). Адстойваў матэрыялістычныя пазіцыі ў фізіцы і тэорыі пазнання, абвергнуў гіпотэзу «цеплавой смерці» Сусвету.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки. М., 1989. С. 540.
т. 3, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)