АРТРАДЫ́РЫ,
членісташыйныя (Arthrodira, або Coccostei), падклас вымерлых марскіх і прэснаводных храстковых рыб кл. пласцінаскурых. 11 атрадаў. Выяўлены ў адкладах позняга сілуру — позняга дэвону ўсіх мацерыкоў, на Беларусі — у Аршанскай упадзіне ў лагунна-марскіх адкладах сярэдняга дэвону. Тыповыя прадстаўнікі артрадыраў — плаурдастэусы.
Даўж. да 6 м. Форма цела і памеры разнастайныя. Шкілет храстковы. Галава і пярэдняя ч. тулава ўкрытыя касцявым панцырам, які ўтвораны касцямі вонкавага плечавога пояса. Сківіцы ў выглядзе касцявых пласцін з рэжучымі краямі і біўнепадобнымі выступамі. Грудныя плаўнікі пад касцявымі шыпамі. Хвост звычайна голы. Прыдонныя драпежнікі.
т. 1, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)