АНТРАПАЛАГІ́ЗМ,

метадалагічная канцэпцыя тлумачэння сусвету, прыроды, грамадства і мыслення праз паняцце «чалавек» як асн. светапоглядную катэгорыю. Пры гэтым чалавек уяўляецца пераважна як з’ява прыроды, г.зн. натуралістычна.

Мае псіхічныя і гнасеалагічныя высновы. У старажытнасці пры адсутнасці дастатковых ведаў у чалавека была псіхічная патрэба пераадолець сваю адчужанасць і залежнасць ад рэальнасці ачалавечваннем гэтай рэальнасці, «насяляючы» яе чалавекападобнымі фантомамі (багамі, духамі і інш.). З пашырэннем ведаў усталявалася сцвярджэнне, што чалавек як вышэйшая істота на лесвіцы эвалюцыі — «мера ўсіх рэчаў». Адсюль і навакольны свет, адлюстраваны ў думках чалавека, можа ўспрымацца як уласнае тварэнне (суб’ектыўны ідэалізм). Вытлумачэнне суб’ектам аб’екта па аналогіі з самім сабой — самы просты і даступны спосаб у пазнанні. Старажытным мадэльным вытокам антрапалагізму быў антрапамарфізм.

Сутнасць антрапаморфных фантомаў думкі адным з першых асэнсаваў стараж.-грэч. філосаф Ксенафан (вобразы багоў людзі лепяць з сябе). Найб. вядомыя прадстаўнікі матэрыяліст. антрапалагізму — К.Гельвецый, Л.Феербах, М.Г.Чарнышэўскі, ідэалістычнага — Ф.Ніцшэ, В.Дзільтэй, Г.Зімель, М.Шэлер. Як метадалаг. прынцып антрапалагізму пашыраны ў філасофіі, сацыялогіі (гл. Антрапасацыягенез), этыцы, эстэтыцы і інш. Марксізм адмаўляў навуковасць антрапалагізму, ажыццяўляў сацыяліст. канструяванне грамадства без усебаковага ўліку асаблівасцяў чалавека, што прывяло да краху яго сац.-паліт. дактрыны.

Літ.:

Чернышевский Н.Г. Антропологический принцип в философии // Чернышевский Н.Г. Избр. филос. соч. М., 1951. Т. 3;

Ницше Ф. По ту сторону добра и зла;

К генеалогии морали: Пер. с нем. Мн., 1992.

А.В.Ягораў.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)