АГРЭГА́ЦЫЯ ў біялогіі, працэс збірання (зліпання) клетак у шматклетачнае ўтварэнне — агрэгат, заснаваны на адгезіі. Адбываецца пры нармальным развіцці арганізмаў і ў эксперыменце пасля штучнага раз’яднання клетак, напр., пратэалітычнымі ферментамі і рэчывамі, якія звязваюць іоны кальцыю. Пры агрэгацыі клеткі «сартуюцца»; аднатыпныя зліпаюцца, разнатыпныя застаюцца раз’яднаныя. Здольнасць клетак да агрэгацыі залежыць ад т-ры і іоннага складу асяроддзя, з’яўлення на паверхні клетак спецыфічных бялковых рэчываў, якія садзейнічаюць іх зліпанню.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)