ІНТРЫ́ГА (франц. intrigue ад лац. intrico заблытваю) у літаратуры, складаны вузел падзей, які дапамагае драматызаваць сюжэт твора. Выкарыстоўваецца ў драме і эпасе як сродак непасрэднага і напружанага выяўлення канфлікту. Ствараецца намаганнямі аднаго з бакоў, што сутыкаюцца ў вострай барацьбе, або ўзнікае ў выніку выпадковага збегу абставін. Дае штуршок мэтанакіраваным дзеянням герояў, узмацняе іх ролю ў сюжэце, знешнюю займальнасць твора. Завяршаецца звычайна ў развязцы. Эстэтычна вельмі дзейсная ў творах авантурнага і рамантычнага кірунку («Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» У.​Караткевіча). Выкарыстоўваецца і ў рэаліст. псіхал.-аналіт. рамане («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» Ф.​Дастаеўскага, «Трэцяе пакаленне» К.​Чорнага). У шырокім сэнсе І. — скрытыя, звычайна непрыстойныя, дзеянні для дасягнення сваіх мэт.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)