ІНДАЛО́ГІЯ, індыяністыка,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем народаў Індастана, іх філас. і культ. спадчыны, л-ры, мастацтва, мовы, а ў найноўшы час — таксама эканам., сац. і паліт. праблем Індыі. Цікавасць еўрап. народаў да Індыі вядома з антычнасці (Мегасфен, Арыян і інш.). Адкрыццё марскога шляху ў Індыю і пачатак еўрап. каланізацыі прывялі ў краіну ў 16—18 ст. шмат хрысц. місіянераў і купцоў, якія вывучалі мясц. мовы і звычкі. Як навука І. сфарміравалася ў Еўропе ў пач. 19 ст. Да пач. 20 ст. ў ёй склаліся 2 кірункі: акадэмічны, што канцэнтраваў увагу на вывучэнні помнікаў пісьменства, і прыкладны, звязаны з практычнымі задачамі. У.Джонс, Г.Колбрук (Вялікабрытанія) і інш. пазнаёмілі Еўропу з санскрытам. Ф.Шлегель і Ф.Боп займаліся параўнаннем індаеўрап. моў. У многіх ун-тах Еўропы (у т. л. Расіі) і ЗША даследавалі граматычны лад санскрыту, стваралі слоўнікі (найб. з іх — т. зв. «Пецярбургскі» О.Бётлінгка і Р.Рота, т. 1—7, 1855—75). Даследавалі таксама будызм, інд. філасофію, л-ру і інш. Асн. дасягненні І. 19 ст. выкладзены ў «Энцыклапедыі індаарыйскіх даследаванняў», (1896—1915, Страсбур). Прыкладны кірунак І. развіваўся пераважна ў самой Індыі — ствараліся параўнальныя і гіст. граматыкі новых індаарыйскіх і дравідыйскіх моў, збіраліся і вывучаліся гіст. хронікі, эпіграфічныя, нумізматычныя, этнагр., фалькл. і інш. матэрыялы. У 19 ст. індолаг І.П.Мінаеў і кітаіст В.П.Васільеў стварылі рас. будалагічную школу, якая набыла сусв. прызнанне. Намаганнямі С.Ф.Альдэнбурга і Ф.І.Шчарбацкага арганізавана серыя публікацый «Bibliotheca Buddhica» (з 1897). У 20 ст. цэнтр даследаванняў па І. перамясціўся ў саму Індыю, дзе ўсё большала цікавасць да ўласнай гісторыі, асабліва пасля дасягнення незалежнасці (1947). Услед за «Кембрыджскай гісторыяй Індыі» (т. 1—6, 1922—37), напісанай англ. індолагамі Дж.Аланам, У.Хейгам і інш., вучоныя Індыі пад рэдакцыяй Р.Ч.Маджумдара ў 1950—60-я г. стварылі шматтомную працу «Гісторыя і культура індыйскага народа». У 2-й пал. 20 ст. пытанні І. распрацоўваюць Калькуцкі, Дэлійскі, Бенарэскі, Бамбейскі, Мадраскі і інш. ун-ты Індыі; ун-ты і ін-ты буйнейшых гарадоў Еўропы, у т. л. Ін-т усходазнаўства АН Расіі, Маскоўскі ін-т міжнар. адносін і інш.; у ЗША кафедры І. ёсць у 16 ун-тах, у Японіі глыбока даследуецца будалогія.
Літ.:
Библиография Индии. М., 1965;
Избр. труды русских индологов-филологов. М., 1962;
Этносоциальная ситуация в Индии и СССР: Сб. статей. 1993.
т. 7, с. 226