ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.​Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Спартак» Р.​Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.​Бічэр-Стоу, раманы Ж.​Верна, «Авадзень» Э.​Л.​Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.​Перо, братоў Я. і В.​Грым, Х.​К.​Андэрсена, А.​Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.​Ф.​Купера, творы К.​Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.​Коласа і інш.

Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.​Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.​Яршова, многія творы М.​Лермантава, М.​Някрасава, М.​Гогаля, У.​Караленкі, А.​Чэхава. Л.​Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж.​Радары, польск. педагога Я.​Корчака і інш.

Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.​Скарыны, С.​Буднага, Л. і С.​Зізаніяў, Л. і К.​Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа (1909), п’еса-казка К.​Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час. «Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.​Багдановіча, З.​Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.​Дубоўка, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.​Трус, А.​Гурло, Я.​Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.​Чарняўская. Заснавальнік бел. навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.​Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.​Лынькова, «Насцечка» К.​Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.​Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.​Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.​Танка, А.​Куляшова, П.​Броўкі, П.​Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.​Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.​Бялевіча, Э.​Агняцвет і інш., у аповесцях П.​Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.​Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.​Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.​Пальчэўскага, Х.​Жычкі, Я.​Курто, Л.​Прокшы, Д.​Слаўковіча, І.​Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.​Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.​Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.​Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.​Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.​Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.​Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.​Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.​Вольскага, У.​Караткевіча, Я.​Пархуты, А.​Клышкі, У.​Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.​Бандарына, С.​Александровіч, Л.​Арабей, В.​Хомчанка, А.​Лойка), прыгодніцкая (У.​Краўчанка, М.​Ваданосаў, А.​Шашкоў, А.​Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.​Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.​Гамолкі, Р.​Баравіковай, У.​Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.​Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.​Грамовіча, Кавалёва, П.​Рунца, Хомчанкі, У.​Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.​Кобец-Філімонавай, К.​Каліны, Місько, У.​Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.​Гілевіча «Загадкі»; Е.​Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.​Барадуліна, Д.​Бічэль-Загнетавай, Н.​Галіноўскай, У.​Карызны, Т.​Кляшторнай, М.​Маляўкі, П.​Сушко, М.​Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.​Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.​Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.​Дзеружынскага, І.​Муравейкі, С.​Грахоўскага, П.​Пранузы, В.​Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.​Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.​Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.​Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.​Зуёнка, «Гуканне вясны» В.​Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.​Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.​Макаль, працуюць А.​Вольскі, А.​Вярцінскі, А.​Махнач, Ягоўдзік і інш.

Літ.:

Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;

Дзіцячая літаратура БССР: (Рэкаменд. паказ. літ. 1945—1960 гг.). Мн., 1961;

Дзіцячая літаратура БССР: Рэкаменд. паказ. літ., 1961—1965 Мн., 1967.

М.​Б.​Яфімава.

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)