Колькасць экзэмпляраў якога-н. друкаванага выдання аднаго выпуску.
Т. газеты павялічыўся ў тры разы.
|| прым.тыра́жны, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
тыра́ж1, ‑у, м.
1. Розыгрыш выйгрышаў у пазыцы або латарэі. Трэці тыраж дзяржаўнай пазыкі.
2. Пагашэнне аблігацый пазыкі або іншых папер установай, якая іх выпусціла. Аблігацыя выйшла ў тыраж.
•••
Выйсці ў тыражгл. выйсці.
[Фр. tirage.]
тыра́ж2, ‑у, м.
Колькасць экземпляраў якога‑н. друкаванага выдання аднаго выпуску. Тыражгазеты. Выданне мастацкіх твораў вялікім тыражом. □ Тыраж кнігі даволі вялікі, і тое, што праз некалькі тыдняў яна ўжо знікла з прылаўкаў кнігарняў, сведчыць пра цікавасць да яе шырокага кола чытачоў.«Полымя».
[Фр. tirage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыра́ж
(фр. tirage)
1) колькасць экзэмпляраў якога-н. друкаванага выдання (напр. т. газеты, т. кнігі);
2) розыгрыш выйгрышаў у пазыцы, латарэі; пагашэнне аблігацый.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
тыражава́ць, -жу́ю, -жу́еш, -жу́е; -жу́й; -жава́ны; зак. і незак., што (спец.).
2. Рабіць неабходную колькасць копій (кінастужкі, пласцінкі і пад.).
|| наз.тыражава́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
тыражава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак. і незак., што.
Спец.
1. Устанавіць (устанаўліваць) тыраж кнігі, газеты і пад.
2. Рабіць неабходную колькасць копій (кінастужкі, пласцінкі і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэ́нзарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цэнзара. Нарэшце, Вісарыён убачыў нумар сваёй партыйнай газеты без аніякага знаку цэнзарскага алоўка.Самуйлёнак.На цэнзарскім агні згарэў увесь тыраж перакладу «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча, які зрабіў В. Дунін-Марцінкевіч у 1859 годзе.Семашкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДРУК ПАДПО́ЛЬНЫў Вялікую Айчынную вайну,
выданні, якія выпускалі ЦККП(б)Б, падп. абласныя, міжраённыя, раённыя, парт. і камсамольскія к-ты, партыз. фарміраванні на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Асвятляў становішча на франтах, працу і жыццё насельніцтва ў тыле ворага, міжнар. падзеі. Першымі падп. выданнямі былі лістоўкі і звароты да насельніцтва, машынапісныя газеты і бюлетэні. З канца 1941 у Мінску падп. група А.А.Маркевіча друкавала лістоўкі, у студз.—жн. 1942 — малафарматную газ.«Патриот Родины» (выйшла 8 нумароў). Першым нелегальным друкаваным выданнем быў «Вестник Родины» Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Значнай з’явай у Д.п. быў выхад у маі—вер. 1942 4 нумароў газ.«Звязда» тыражом больш за 10 тыс.экз. (адноўлены ў студз. 1943). На тэр. Віцебскай вобл. ў прыфрантавой паласе друкавалася газ.«Віцебскі рабочы». У 1942 друкарскім спосабам выдаваліся 6 раённых, 1 міжраённая газета — органы Клічаўскага, Рудзенскага, Бярэзінскага, Бабруйскага, Віцебскага, Чэрвеньскага падп. райкомаў КП(б)Б. Для ўзмацнення прапагандысцкай работы 15.12.1942 ЦККП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снеж. 1942 — студз. 1943 10 абл. і 50 раённых падп. друкарняў. У 1943—44 пачалі выходзіць абл. камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага і «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л.партыз. брыгад «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага, 16-я Смаленская, выдавалі больш за 120 шматтыражных газет. Свае газеты выдавалі антыфашысцкія камітэты. У 1942—43 выходзілі 134 газеты. Усяго за перыяд акупацыі на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет. З-за цяжкасцей выпуску, недахопу паперы тыражпадп. газет вагаўся ад некалькіх соцень да тысячы і больш экз., розным быў і іх фармат. Падпольна друкаваліся і распаўсюджваліся звароты ЦККП(б)Б і ўрада рэспублікі, паліторганаў Чырв. Арміі да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, у партыз. фарміраваннях — рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі; распаўсюджваліся і газеты, што выдаваліся ў сав. тыле «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», сатырычныя выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», «Блокнот агитатора-партизана», час.«Беларусь». У падп. газетах часта друкаваліся надзённыя творы бел. пісьменнікаў.
Літ.:
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Друк Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) // Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.
П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.
На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс.экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦККПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл.Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка«Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.
Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш.Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.
Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТАРАТУ́РНАЯ СТАРО́НКА»,
літаратурна-мастацкі часопіс; орган Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студз. 1934 на бел. мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В.Таўлай і Я.Патаповіч (Я.Чабор). Змясціў дэкларацыю групы паэтаў [падпісалі Я.Патаповіч, М.Васілёк, А.Рэдзька, П.Граніт, П.Пестрак (Звястун), А.Іверс] да ўсіх пісьменнікаў Зах. Беларусі. З маст. твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М.Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М.Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А.Салагуба, «У вастрозе» А.Леўскага, «Каваль» П.Граніта, «Мы» Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М.Ліста (В.Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н.Жальбы (А.Бяленкі); арг. «На новым этапе» М.Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам школа?») Л.Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр. Гр.) «Мастацкая літаратура «Грамады» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў час. «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1). Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, найб. актыўныя супрацоўнікі арыштаваны. Адзіны экзэмпляр «Л.с.» зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫЧНЫ ДРУК
Гісторыя развіцця. Перыядычныя выданні на Беларусі пачаліся з выпуску газет-аднадзёнак, якія выходзілі ў ВКЛ у 2-й пал. 16 ст. — пач. 17 ст. і асвятлялі жыццё народаў ВКЛ і інш. краін Еўропы: «Новіны грозные а жалостлівые...» (1563), «Эдыкт з обозу под замком нашым Велікімі Лукамі» (1580), «Эдыкт з замку Полоцкого» (1593), «Новіны о шчаслівом поступаньні на царство Московское Найясьнейшаго Владыслава, Короля Польского» (1617) і інш. Першым на Беларусі друкаваным выданнем на польскай мове быў інфарм. бюлетэнь «Awizy Grodzieńske» («Гродзенскія весці», 1678 — пач. 18 ст.). Першая друкаваная газета на польскай мове — «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета», 1776—83), створаная па ініцыятыве А.Тызенгаўза. Яна асвятляла найважнейшыя падзеі з жыцця Рэчы Паспалітай і ВКЛ, Расіі, краін Еўропы. У лістападзе—снежні 1792 у Гродне 2 разы на тыдзень выходзіў друкаваны орган Таргавіцкай канфедэрацыі газ. «Wiadomości Grodzieńske» («Гродзенскія ведамасці»), якая інфармавала пра падзеі, што адбываліся напярэдадні 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1796—1840 напачатку ў Варшаве, потым у Гродне, Вільні (да 1833 на польскай, з 1834 на польскай і рус. мовах) выходзіла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»); працяг яе — газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік», 1841—1916; з 1865 на рус. мове).
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння Беларусі да Рас. імперыі акрамя рас. перыёдыкі і «Літоўскага весніка» іншыя перыяд. выданні на Беларусі не выдаваліся. З 1838 Віцебскае, Гродзенскае, Магілёўскае, Мінскае губернскія праўленні выдавалі афіц.газеты (напр., «Витебские губернские ведомости»). Яны змяшчалі пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад, маст. творы, фальклор, краязнаўчыя даследаванні.
У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явіліся нелегальная беларускамоўная газ. «Мужыцкая праўда» (1862—63, друкавалася лацінкай) і польскамоўныя «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды», 1863), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы», 1864), якія выдавалі К.Каліноўскі і яго паплечнікі. На іх старонках гучалі ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літоўскіх зямель у суверэнную дзяржаву. Рэвалюцыйныя ідэі К.Каліноўскага падхапілі бел. народнікі, якія выдавалі час. «Гомон» (1884, выходзіў на рус. мове). Як пратэст супраць царызму выдаваліся польскамоўныя газ. «Słowo» («Слова», 1859, С.-Пецярбург), «Zmowa» («Змова», 1870, г. Цюрых, Швейцарыя), «Свабода» (1902, Лідскі павет). У 1886—1902 у Мінску легальна выдавалася першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літаратурная газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Выходзілі таксама афіц.перыяд. выданні рус.правасл. царквы «Епархиальные ведомости» ў Мінску (1869—1917), Віцебску («Полоцкие епархиальные ведомости», 1874—1916), Магілёве (1883—1917), Гродне (1901—15). У канцы 19 ст. ў Паўночна-Заходнім краі выдавалася 14 газет, з іх 3 прыватныя.
У пач. 20 ст. пад уздзеяннем рэвалюцыі 1905—07 колькасць перыяд. выданняў на Беларусі павялічылася, у многіх губернскіх і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: у Вільні — «Северо-Западное слово» (1898—1905), «Северо-Западный голос» (1905—15), «Белорусская жизнь» (1909—11); у Мінску — «Белорусский вестник» (1904—05), «Жизнь провинции» (1907), «Голос провинции» (1906—07), «Минское слово» (1906—12), «Окраина» (1907—08), «Минский курьер» (1908), «Минское эхо» (1908—09), «Минский голос» (1909—18), «Минская газета-копейка» (1912—15); у Віцебску — «Витебский голос» (1905—07), «Витебская жизнь» (1906), «Витебский вестник» (1912—17), «Витебский листок» (1916—19); у Магілёве — «Могилевский голос» (1906), «Могилевский вестник» (1906—17); у Гомелі — «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская мысль» (1909), «Полесье» (1909—12), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская копейка» (1911—17), «Отклики» (1912—15); у Брэст-Літоўску — «Западный Буг» (1909), «Наш край» (1912—14); у Пінску — «Пинский листок» (1910—11); у Бабруйску — «Бобруйские отклики» (1911—12), «Бобруйская жизнь» (1913—14), «Бобруйский курьер» (1914—19); у Лепелі — «Лепельский вестник» (1911—12); у Лідзе — «Лидское слово» (1912—13); у Полацку — «Полоцкий листок» (1913); у Мазыры — «Мозырянин» (1914—15); у Оршы — «Оршанский вестник» (1915—18). Выходзілі земскія часопісы «Вестник Минского губернского земства» (1914—15), «Вестник Могилевского земства» (1914—17) і інш.
У 1904—05 на Беларусі падпольна выходзілі перыяд. выданні РСДРП, якія прапагандавалі погляды сацыял-дэмакратаў: «Полесский листок» (1904—05), «Летучий листок Полесского комитета», «Листок Северо-Западного союза» (абодва 1905); «Минский летучий листок», «Труд» (Гомель), «Солдатская воля» (Гродна; усе 1906) і інш. Шэраг газет і часопісаў на рус., польскай і яўр. мовах выдавалі СДКПіЛ, ППС на Літве, эсэры, Бунд і інш. арганізацыі. Свае выданні на тэр. Беларусі пашырылі газетна-выдавецкія манаполіі А.Суворына, І.Сыціна, А.Маркса, агенцтвы друку, што спрыяла далейшаму развіццю тут перыяд. друку.
Бел. друк актывізаваўся пасля адмены ў 1905 забароны на беларускамоўнае кнігадрукаванне. Выйшлі першыя легальныя прагрэсіўныя газеты на бел. мове «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—15), якія вялі барацьбу за бел.нац. ідэю, бел. дзяржаўнасць. На бел. мове выдаваліся часопісы: сатырычны «Крапіва» (1912), сельскагаспадарчы «Саха» (1912—15), маладзёжныя і дзіцячыя «Маладая Беларусь» (1912—13), «Лучынка», «Раніца» (абодва 1914). У 1913—15 у Вільні на бел. мове выходзіла газ. «Беларус» (лацінкай), у 1916—18 — газ. «Гоман» (лацінкай і кірыліцай), у 1916 у Петраградзе — газ. «Светач» (лацінкай), у 1916—17 — газ. «Дзянніца». У 1-ю сусв. вайну ў Маладзечне выдавалася газ. «Вестник X армии» (1914—17); у Полацку — «Последние армейские известия» (1915); у Бабруйску — «Известия Виленского округа путей сообщения» (1916); у Барысаве, Клецку, Лунінцы, Ляхавічах, Навагрудку, Нясвіжы, Пінску, Рэчыцы, Слуцку — «Телеграммы Петроградского телеграфного агентства». Усяго ў 1817—1916 на Беларусі выходзіла 249 перыяд. выданняў, з іх 13 беларускамоўных.
Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У жніўні 1917 у Мінску пачала выдавацца першая масавая легальная газ. «Звезда» (з 1927 на бел. мове). У 1917 выходзілі афіц. органы Часовага ўрада, партыйна-савецкія, салдацкія і інш.перыяд. выданні: «Вестник Минского губернского комиссариата», «Грамада», «Крестьянская газета», «Фронт», «Бюллетень военно-революционного комитета X армии» (Маладзечна), «Известия военно-революционного комитета города Витебска» (назва мянялася, з 1937 «Віцебскі рабочы»), «Бюллетень военно-революционного комитета Западного фронта», «Вольная Беларусь», «Советская правда», «Революционная ставка» (Магілёў), «Известия военно-революционного комитета III армии» (Полацк), «Белорусская рада» і інш. Свае газеты выдавалі Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мінска, а таксама Бабруйска, Горак, Мазыра, Полацка, Рэчыцы і інш.
У перыяд грамадзянскай вайны, германскай і польскай інтэрвенцыі многія выданні былі спынены. Партыйныя арганізацыі і падп. камітэты Беларусі выпускалі і распаўсюджвалі газеты, лістоўкі, адозвы, у т. л. на ням. мове. У 1918 падп. друкарня ў Мінску выдавала газ. «Спартак», падпольшчыкі Оршы — газ. «Набат» (1918—20). Выходзілі таксама газеты партыі эсэраў, Бунда, інтэрнацыяналістаў, акупацыйных улад. Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, ствараліся новыя газеты: у Мінску — «Беларускі шлях», «Подпольная правда» (абедзве 1918), «Весткі часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», «Звон», «Минский пролетарий» (усе 1919), «Беларусь», «Минский курьер» (абедзве 1919—20), «Работніцка-сялянская Беларусь» (1920); у Вільні — «Беларуская думка» (1919), «Беларускае жыццё» (1919—20); у Гродне — «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Беларусь» (усе 1919), «Беларускае слова» (1920—21); у Смаленску — «Белорусская правда» (1920); у Слуцку — «Наша каляіна» (1920); у Гомелі — «Новая деревня» (1920—26) і інш. У 1918—19 у Петраградзе, а потым у Маскве выходзіла першая сав. газета на бел. мове «Дзянніца», у Смаленску, а потым у Мінску — газеты «Бедняк» (1918—19), «Савецкая Беларусь» (1920—33). Першыя бел.сав. часопісы пачалі выдавацца ў Петраградзе — «Чырвоны шлях» (1918) і «Белорусская криница» (1918—19). На тэр. Беларусі выдаваліся часопісы «Экономическая жизнь» (1918—19), «Школа и культура Советской Белоруссии» (1919—21), «Коммунистический труд» (1919—23, Віцебск), «Полесский коммунар» (1919—26, Гомель), «Рунь» (1920), «Голос труда» (Віцебск), «Коммунистическое просвещение» (Гомель), «Хозяйство Белоруссии» (усе 1920—21), «Вольны сцяг» (1920—22) і інш. Яны заклікалі беларусаў падтрымліваць сав. ўладу, ствараць чырвонаармейскія атрады, весці падп.партыз. барацьбу, аб’ядноўвацца ў барацьбе за незалежнасць Беларусі. Усяго ў 1920 выдавалася 27 газет, 15 часопісаў і інш.перыяд. выданняў.
З 1921 друк актыўна выступаў за аднаўленне разбуранай войнамі нар. гаспадаркі, за ліквідацыю беспрацоўя і непісьменнасці, за паскарэнне будаўніцтва школ і культурна-асветных устаноў. За аднаўленчы перыяд створана шырокая сетка масавых прафсаюзных, ваенных, літаратурна-маст., жаночых, маладзёжных, дзіцячых і інш. выданняў: газеты «Красная смена» (з 1925 «Чырвоная змена»), «Красноармейская правда» (з 1947 «Во славу Родины»), «Белорусская деревня» (назва мянялася, з 1991 «Белорусская нива»; усе 1921); часопісы «Искусство» (Віцебск), «Школа и культура Советской Белоруссии» (абодва 1921), «Зоркі» (1921—22), «Вперед» (1922, назва мянялася, з 1991 «Беларуская думка»), «Беларускі піянер» (назва мянялася, з 1945 «Бярозка»), «Беларуская работніца і сялянка» (назва мянялася, з 1995 «Алеся»), «Асвета» (назва мянялася, з 1960 «Народная асвета»), «Беларуская медычная думка» (назва мянялася, з 1996 «Здравоохранение»; усе 1924), «Плуг» (1925, назва мянялася, з 1991 «Хозяин»), «Шлях кааперацыі» (1925—28), «Прафесіянальны рух Беларусі» (1925—29), «Наш край» (1925—30) і інш. Узніклі выданні пісьменніцкіх арганізацый — часопісы «Полымя» (з 1922) і «Маладняк» (1923—32). У 1924—25 замест павятовых і інш. газет пачалі выдавацца акруговыя: «Вясковы будаўнік» (Слуцк), «Полоцкий пахарь», «Наш працаўнік» (Клімавічы), «Камуніст» (Бабруйск), «Савецкая вёска» (Мазыр), «Вясковая праўда» (Барысаў), «Камуністычны шлях» (Орша) і інш. Выходзілі часопісы-дадаткі да асобных газет: «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927—29), «Саветы Беларусі» (1928—29) да газ. «Савецкая Беларусь»; «Малады камуніст» (1925—26) і «Світанне» (1926—27) да газ. «Наш працаўнік». З 1924 выдаецца «Летапіс беларускага друку» (назва мянялася, з 1995 «Летапіс друку Беларусі»).
У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі з мэтай пашырэння ідэйна-паліт., выхаваўчай і арганізатарскай работы сярод працоўных заснаваны новыя газеты: «Рабочий» (1927, з 1937 «Советская Белоруссия»), «Піянер Беларусі» (1929, з 1994 «Раніца»), «Рабселькор» (1931—33), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), «Сталинская молодежь» (1938, з 1956 «Знамя юности»); часопісы «Сацыялістычнае будаўніцтва» (1926—37), «Паляўнічы Беларусі» (1927—33), «Партыйны работнік» (1930—31), «Беларусь калгасная» (1932), «Напагатове» (1932—33), «Блакнот агітатара» (1932—34). Створаны літаратурна-маст. часопісы «Росквіт» (1927—28), «Узвышша» (1927—31), «Чырвоная Беларусь» (1930—33, з 1944 «Беларусь»); альманахі «Надзвінне» (1926), «Росквіт» (1927), «Зарніцы» (1928; усе Полацк), «Уздым» (1926—28, Бабруйск), «Дняпроўскія ўсплескі» (1927, Магілёў). У 1931 пачалі выходзіць раённыя газеты: «Ленінскі шлях» (з 1962 «Авангард», Буда-Кашалёва), «Звязда на рубяжы» (з 1963 «Дзвінская праўда», Верхнядзвінск), «Калгасны сцяг» (з 1956 «Іскра», Чавусы), «Сацыялістычны шлях» (з 1965 «Ленінскі кліч», Крычаў), «Прымежны камунар» (з 1962 «Новае Палессе», Жыткавічы), «Сталінскі шлях» (з 1965 «Сцяг Саветаў», Клічаў), «Ленінскі сцяг» (з 1963 «Сцяг перамогі», Лёзна; назвы ўсіх мяняліся) і інш. У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. У 1938 з утварэннем абласцей пачалі выдавацца абл.газеты: «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Камунар Магілёўшчыны» (з 1956 «Магілёўская праўда») і інш. У 1940 створаны агульны час. «Весці Акадэміі навук Беларусі». Усяго ў 1940 на Беларусі выдаваліся 252 газеты (гадавы тыраж 192,7 млн.экз.), у т. л. 8 рэспубліканскіх, 4 абласныя, 92 раённыя, 90 шматтыражных; 27 часопісаў і інш.перыяд. выданняў (тыраж 1,1 млн.экз.).
У Зах. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы друкаваліся пераважна ў прыватных і падп. друкарнях Беластока, Брэста, Вільні, Гродна, Варшавы і інш. Яны часта мянялі назвы, часам выходзілі як аднадзёнкі. Выдавецкай дзейнасцю займаліся розныя партыі і арганізацыі, якія выпускалі перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні: Бел. рэвалюцыйная арганізацыя выдавала газеты «Вольны сцяг» (1923), «Змаганне» (1923—24) і інш.; Бел. пасольскі клуб — «Голас беларуса» (1924), «Іскра» (1925), «Беларуская доля» (1927) і інш.; Бел. сялянска-работніцкая грамада — «Жыццё беларуса» (1925), «Беларуская ніва» (1925—26), «Беларуская справа» (1926), «Народны звон», «Наша справа» (абедзве 1926—27), «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда» (усе 1927) і інш.; Бел. сялянскі саюз — «Сялянская ніва» (1925—30); Бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне» — «Да працы» (1927—28), «На варце» (1930); Бел сялянская партыя — «Народ» (1927—29); Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый — «Наперад» (1929—30), «Народны звон» (1930), «Беларускі звон» (1931—32) і інш.; Таварыства бел. школы — газ. «Шлях» (1932—33), час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і інш.; група Бел. антыфаш. фронту — газ. «Беларускі фронт» (1936—39) і інш.; выдаваліся звароты, лістоўкі, пракламацыі і інш. Выходзілі часопісы: студэнцкія «Маладое жыццё» (1921—23), «Наш шлях» (1922—23), сатырычныя «Авадзень» (1924—25), «Маланка» (1926—28), «Асва» (1934), літаратурны «Родныя гоні» (1927), жаночы «Жаноцкая справа» (1931), сельскагаспадарчыя «Саха» (1927—29), «Беларуская борць» (1934—38), «Калоссе» (1935—39), вучнёўскія і дзіцячыя «Пралескі» (1934—39), «Маладая Беларусь» (1936) і інш. Існавалі канфесіянальныя выданні: «Праваслаўны беларус» (1925), «Беларуская зарніца» (1928—29), «Голас праваслаўнага беларуса» (1931) і інш. Усе яны імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя ўстаноўкі сваіх партый і рухаў, вялі палеміку з іншадумцамі. КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг» (1920—38) і час. «Бальшавік» (1924—36); нелегальна выходзілі на бел., рус., польскай, літ. і яўр. мовах падп.газеты і часопісы КПЗБ і камсамола Зах. Беларусі: «Малады камуніст» (1924—37), «Пад сцягам камунізму» (1927—30), «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Do walki» («На барацьбу», 1928—32), «Камсамолец» (1929—31), «Młody proletariusz» («Малады пралетарый», 1929—34), «Партыйнік» (1930—34), «Малады змагар» (1930—35), «Kujmy broń» («Куйце зброю», 1931—36), «Голас салдата» (1932—36), «Весткі з СССР» (1933—36), «Маладая гвардыя» (1934—35) і інш., а таксама перыяд. выданні акруговых камітэтаў, асобных райкомаў і мясц. арганізацый КПЗБ. Міжнар. арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам выдавала газ. «Чырвоная дапамога» (1925—37) і інш. Пры дапамозе дэмакратычных і нац.-вызв. арганізацый у Зах. Беларусі і за мяжой выдаваліся газеты «Барацьба» (1932—33), «Беларуская газета» (1933—34), «Наша воля» (1935—36) і інш. Усяго ў 1921—39 у Зах. Беларусі выдавалася больш за 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак (гл.Заходнебеларускі друк).
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР усе перыяд. выданні, якія выходзілі там раней, былі закрыты. У 1939 створаны новыя газеты (абласныя, раённыя, міжраённыя) — органы часовых упраўленняў: «Рабочий» (з 1940 «Заря», Брэст), «Полесская правда» (Пінск), «Чырвоны сцяг» (Нясвіж), «Уперад» (Ліда), «Новы шлях» (Паставы), «Труд» (Кобрын), «За Советскую Родину» (Гродна), «Чырвоная звязда» (Івацэвічы), «Звязда» (Навагрудак), «Голас селяніна» (Стоўбцы) і інш.
У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, падпольна і ў партыз. брыгадах выдаваліся газеты, часопісы, лістоўкі, баявыя лісткі, насценныя газеты, бюлетэні і інш.перыяд. выданні, якія інфармавалі насельніцтва пра становішча на франтах, пра партыз. рух, вялі антыфаш. агітацыю і прапаганду, клікалі народ на барацьбу з ворагам. Падпольшчыкі Мінска ў студзені—лютым 1942 выпускалі «Вестник Родины», у маі—верасні 1942 — газ. «Звязда». Са студзеня 1943 у партыз. зоне на Любаншчыне выдаваліся газеты «Звязда» і «Чырвоная змена». У 1942—43 выходзілі абл.газеты «Віцебскі рабочы» Віцебскага, «Сялянская газета» Вілейскага, «Бальшавік Палесся» Палескага, «Партызан Гомельшчыны» Гомельскага, «Чырвоная звязда» Баранавіцкага, «Заря» Брэсцкага, «Палеская праўда» Пінскага, «За радзіму» Магілёўскага, «Белостокская правда» Беластоцкага падп. абкомаў КП(б)Б; камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага, «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Больш за 120 шматтыражных газет выпускалі паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л.партыз. брыгады «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага, 16-я Смаленская. У сав. тыле выходзілі газеты «За Савецкую Беларусь» (1941—42), «Савецкая Беларусь» (1941—44), «За свабодную Беларусь» (1942) з сатырычным лістком «Партызанская дубінка» (1942—43), сатырычны часопіс-агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941, з 1945 час. «Вожык»), час. «Беларусь». Усяго ў перыяд вайны на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет (гл.Друк падпольны ў Вялікую Айчынную вайну).
У пасляваенны перыяд адноўлены выданні, якія спынілі выхад у час вайны і акупацыі Беларусі, створаны новыя, у т. л. ў новых абласцях: Гродзенскай — «Гродзенская праўда» (з 1944), Бабруйскай — «Савецкая Радзіма» (1944—45), Маладзечанскай — «Чырвоны сцяг» (1944—59), Полацкай — «Бальшавіцкі сцяг» (1945—54). Пачалі выходзіць газеты «Настаўніцкая газета» (з 1945), «Мінская праўда» (з 1950), «Физкультурник Белоруссии» (1951, з 1995 «Спортивная панорама»), «За вяртанне на Радзіму» (1955, з 1960 «Голас Радзімы»), альманах «Отчизна» (1945, назва мянялася, з 1960 час. «Нёман»), часопісы «Вожык», «Маладосць» (з 1953). Адноўлены выпуск часопісаў «Беларусь» і «Полымя», шматтыражных газет. Створаны дзіцячыя і юнацкія выданні: газ. «Зорька» (з 1945), часопісы «Бярозка», «Вясёлка» (з 1957) і інш. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гарадскія) газеты. Усяго ў 1955 выходзіла 218 газет (гадавы тыраж 233,2 млн.экз.), 39 часопісаў і інш.перыяд. выданняў (гадавы тыраж 4432 тыс.экз.).
З 1962 замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 выпуск раённых газет зноў адноўлены. У 1967 выйшлі першыя гарадскія газеты «Вячэрні Мінск» і «Хімік» (Наваполацк). Акадэмія навук Беларусі пачала выдаваць усесаюзныя часопісы «Доклады Академии наук Беларуси» (з 1957), «Инженерно-физический журнал» (з 1958), «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964), «Дифференциальные уравнения» (з 1965). З 1969 выходзіць «Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта» ў 4 серыях. У часопісы пераўтвораны бюлетэні «Промышленность Белоруссии» (1968, з 1990 «Человек и экономика»), «Родная прырода» (з 1972). Створаны галіновыя бюлетэні: «На экранах Беларусі» (1957, з 1996 «На экранах»), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 «Спадчына»), «Строительство и архитектура Белоруссии» (з 1991 «Архитектура и строительство»; абодва 1970), «За безопасность движения», «Рабочая смена» (абодва з 1972). На буйных прадпрыемствах і новабудоўлях заснаваны шматтыражныя газеты: «Текстильщик» (Баранавічы), «Химики» (Светлагорск, абедзве з 1965), «Нефтяник Полесья» (з 1973, Гомель), «Белорусский шинник» (Бабруйск), «Монолит» (Віцебск), «Калійшчык Салігорска» (усе з 1974), «Трудовая слава» (з 1975, Магілёў), «Электрон» (з 1976, Мінск) і інш. У 1980 на Беларусі выдаваліся 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абласных, 11 аб’яднаных, 3 гарадскія, 106 раённых, 54 шматтыражныя; 95 часопісаў і інш.перыяд. выданняў, у т. л. 31 часопіс.
У 1980-я г. створаны часопісы «Мастацтва Беларусі» (1983, з 1992 «Мастацтва»), «Беларуская мова і літаратура ў школе» (1988, з 1992 «Роднае слова»), «Крыніца» (1988—2003), «Экологический вестник» (з 1989); газ. «Беларускі час» (з 1989); шматтыражныя газеты «Металлург» (Жлобін), «Моторостроитель» (Мінск; абедзве з 1985), «Мозырский нефтепереработчик» (з 1986) і інш.
У канцы 1960 — пач. 1980-х г. на Беларусі ствараліся непадцэнзурныя рукапісныя ці друкаваныя выданні (самвыдат). Найбольшая іх колькасць выдавалася ў Мінску, а таксама ў абл. і раённых цэнтрах і па-за межамі Беларусі (Рыга, Талін, Беласток, Масква і інш.; яны друкаваліся на бел., рус., укр. мовах, некаторыя лацінкай). Да канца 1988 налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Некаторыя з іх пазней пачалі выдавацца пастаянна: «Навіны БНФ за перабудову «Адраджэньне» (1988—94), «Унія» (1990—95), «Свабода» (1990—97) і інш. З прыняццем у СССР «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1.8.1990), які адмяніў папярэднюю цэнзуру, непадцэнзурны друк пайшоў на спад. Частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, частка спыніла сваё існаванне. У 1995—2001 выходзіла каля 600 друкаваных і 40 электронных выданняў.
Асобную катэгорыю выданняў складае перыёдыка бел. дыяспары. Першыя бел.перыяд. выданні па-за межамі Беларусі з’явіліся ў 1920-я г.: «Беларускі сцяг», «Пагоня», «Крывіч» (Коўна), «На чужыне», «Голас беларуса» (Рыга), «Белорусы в Одессе», «Беларускае слова», «Белорусское эхо» (Кіеў) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны іх колькасць вырасла. Выходзілі газеты «Бацькаўшчына» (1947—66, Германія), «Беларускі эмігрант» (1948—50), «Беларускі голас» (з 1952; абедзве Канада), часопісы «Беларус на чужыне» (1947—50), «Голас часу» (1989—95; абодва Вялікабрытанія), «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі» (1947—91, Германія, ЗША), «Беларус у Амерыцы» (з 1949), «Беларуская моладзь» (1959—80), «Беларуская думка» (1960—91), «Беларускі сьвет» (з 1971), «Полацак» (1991—97; усе ЗША), «Баявая ўскалось» (1949—81), «Палессе» (з 1955), «Зважай» (з 1974), «Прамень» (з 1992; усе Канада) і інш. У 1940—90-я г. ў краінах са сталай бел. дыяспарай выдавалася каля 70 перыяд. выданняў, якія асвятлялі грамадска-паліт., сац.-эканам. і культурнае жыццё Беларусі, СССР, жыццё беларусаў у інш. краінах свету.
Сучасны стан перыядычнага друку. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) сродкі масавай інфармацыі сталі рэгламентавацца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995). Агульнае кіраўніцтва імі ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Колькасць перыяд. выданняў значна павялічылася. Вядучае месца занялі рэсп.газеты «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета» (з 1990), «Рэспубліка» (з 1991), «Белорусская нива». Працягваецца выпуск газет «Голас Радзімы», «Беларускі час», «Літаратура і мастацтва», «Спортивная панорама», «Настаўніцкая газета», «Во славу Родины», «На страже»; часопісаў «Беларусь», «Мастацтва», «Беларуская думка», «Вожык», «Родная прырода», «Архитектура и строительство», «На экранах», «Хозяин» і інш. Пачалі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культурных і інш. аб’яднанняў, творчых і прафесійных саюзаў, міністэрстваў, агенцтваў, акцыянерных таварыстваў, прыватных асоб і прадпрыемстваў: «Коммунист Белоруссии. Мы и время», «Наша слова», «Наша доля», «7 дней», «Паляўнічы і рыбалоў» (усе з 1990), «Наша ніва», «Белорусский рынок», «Культура», «Прессбол» (усе з 1991), «Згода», «Белорусская деловая газета», «Национальная экономическая газета» (усе з 1992), «Аргументы и факты в Белоруссии» (з 1993), «Товарищ», «Ва-Банкъ» (абедзве з 1994), «Белорусская газета», «Народная воля», «Белорусская лесная газета», «Белорусская торговая газета» (усе з 1995), «Медицинский вестник», «Туризм и отдых» (абедзве з 1996), «Рабочая солидарность», «Комсомольская правда в Белоруссии» (абедзве з 1998), «Belarus today. Белоруссия сегодня», «Все о футболе» (абедзве з 1999) і інш. Выдаюцца часопісы розных кірункаў: літаратурна-мастацкія — «Нёман», «Маладосць», «Полымя», «Всемирная литература» (з 1996); навукова-метадычныя — «Народная асвета», «Роднае слова», «Пралеска», «Пачатковая школа» (апошнія два з 1991), «Адукацыя і выхаванне» (з 1992), «Пазашкольнае выхаванне», «Вышэйшая школа» (абодва з 1996); гісторыка-краязнаўчыя — «Спадчына», «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993); медыцынскія — «Здравоохранение», «Медицинские новости» (з 1995), «Медицинская панорама» (з 1999); ваенныя — «Армия» (з 1996); для жанчын, дома і сям’і — «Алеся», «Гаспадыня», «Женский журнал» (з 1999) і інш. Створаны новыя газеты «Обозреватель», «Ваша домашняя газета» (абедзве з 2001), «Краязнаўчая газета», «The Minsk times» («Мінскі час»), «Домострой» (усе з 2003), часопісы «Мир спорта» (з 2000), «Дзеяслоў», «Развлечение и отдых», «Индивидуальный предприниматель», «Футбол» (усе з 2002) і інш. Выдаюцца бюлетэні «Главный бухгалтер», «Информационный бюллетень», «Бюллетень нормативно-правовой информации», «Белорусский строительный рынок», «Вопросы организации и информации здравоохранения» (усе з 1996), «Каталог недвижимости» (з 2001) і інш. З дзіцячых і маладзёжных выданняў папулярныя «Знамя юности», «Раніца», «Зорька», «Переходный возраст» (з 1994), «Сюрприз» (з 1996), «Качели», «Пикничок» (абодва з 1998), «Молодежная газета» (з 1999), «Познайка» (з 2001), «Озорник» (з 2003) і інш. Вялікую ролю ў інфармацыі насельніцтва адыгрывае мясц. прэса. У Бабруйску, Барысаве, Баранавічах, Маладзечне і інш. гарадах павялічылася колькасць выпускаемых газет ад 2 да 5; некаторыя з іх выдаюцца поўнакаляровым друкам. Выходзяць абл.газеты «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Гродзенская праўда», «Заря» (Брэст), «Магілёўская праўда», «Мінская праўда», створаны новыя — «Народная трыбуна» (Брэст), «Магілёўскія ведамасці», «Народнае слова» (Віцебск; усе з 1990). Павялічылася колькасць гарадскіх газет: «Жодзінскія навіны», «Гомельские ведомости» (абедзве з 1991), «Віцьбічы» (з 1994, Віцебск), «Новая газета» (Наваполацк), «Салігорскі веснік» (абедзве з 1996), «Минский курьер» (з 2001), прыватных: «Intex-press» («Інтэкс-прэс», з 1994, Баранавічы), «Рэгіянальная газета» (з 1995, Маладзечна), «Борисовский курьер» (з 1996), «Принеманские вести» (з 1999, Ліда), «Регион» (з 2000, Мар’іна Горка), «Жодинские вести» (з 2002) і інш. Працягваецца выданне аб’яднаных і раённых газет: «Слуцкі край», «Маладзечанская газета», «Адзінства» (Барысаў), «Аршанская газета», «Ленінскі шлях» (Горкі), «Наша жыццё» (Мінск), «Пастаўскі край», «Ашмянскі веснік», «Маяк» (Бяроза), «Працоўная слава» (Валожын), «Прамень» (Стоўбцы), «Шлях Кастрычніка» (Хоцімск), «Праца» (Зэльва) і інш.; шматтыражных: «Гродненский химик», «Минский камвольщик», «Железнодорожник Белоруссии», «Автозаводец», «Мотовело», «Белорусский тракторостроитель» і інш.
У 1990-я г. на Беларусі адноўлены выпуск «Епархиальных ведомостей». Выходзяць канфесіянальныя выданні: альманах «Веснік Беларускага экзархата» (з 1990), газеты «Царкоўнае слова» (з 1992), «Преображение» (з 1994, Слуцк), «Верую» (з 1996, Бабруйск), «Духовный вестник» (з 1997, Брэст), «Православный вестник» (з 1998, Гродна), часопісы «Крыніца жыцця» (Кобрын), «Дыялог» (Баранавічы) «Ave Maria» (усе з 1994), «Наша вера» (з 1995), «Благодать» (з 2001), бюлетэнь «Каталіцкія навіны» (з 1996) і інш.Бел. грамадскае згуртаванне татараў «Зікр-уль-Кітаб» і Мусульманскае рэліг. аб’яднанне выдаюць час. «Байрам» («Свята», з 1991), Саюз палякаў на Беларусі — газ. «Głos znad Niemna» («Голас з-над Нёмана», з 1989), час. «Magazyn Polski» («Польскі часопіс», з 1992, абодва Гродна), Саюз бел.яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын — газеты «Авив» («Вясна», з 1992), «Берега» (з 1999), Бел. грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў «Ватра» — газ. «Украінець в Беларусі» (з 2001) і інш.
У 2002 на Беларусі для выпуску перыяд. выданняў створаны рэдакцыйна-выдавецкія ўстановы: «Літаратура і Мастацтва», у склад якой увайшлі рэдакцыі літ.-маст. выданняў «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Всемирная литература», і «Культура і Мастацтва», у складзе якой рэдакцыі газ. «Культура» і час. «Мастацтва». Некаторыя выданні выходзяць з гіст. сімволікай гарадоў, якія ў свой час мелі магдэбургскае права.
На 1.1.2004 на Беларусі зарэгістравана 1523 перыяд. выданні, у т. л. 919 газет, 531 часопіс, 59 бюлетэняў, 2 альманахі, 3 каталогі. Выходзяць 9 абласных, каля 130 аб’яднаных, раённых і гарадскіх, 40 шматтыражных газет.
Звесткі пра бел.перыяд. выданні друкуюцца ў штомесячным бібліяграфічным паказальніку «Летапіс друку Беларусі», які з 1995 складаецца з 8 самастойных тыпаў паказальнікаў, у т. л. «Летапісу перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». Звесткі пра сучасныя сусветныя перыяд. выданні змяшчаюць «Ulrich’s international periodical directory» («Міжнародны даведнік «Ульрык» па перыёдыцы», з 1932), «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА, з 1980) і інш.
Літ.:
Краўчанка І.С. Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1950;
Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Зерницкий М.С. Белорусская советская печать в годы иностранной интервенции и гражданской войны. Мн., 1963;
Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова Мн., 1971;
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі. Мн., 1974;
Яго ж. Гісторыя беларускай журналістыкі (1563—1917 гг.). Мн., 2003;
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;
Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;
Газеты Беларускай ССР: Бібліягр. паказ. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
«Новіны грозные» 1563 года: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Спадчына. 1994. №3;
Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг.Мн., 1995;
Пресса Республики Беларусь. Мн., 1998;
Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990);
Каталёг. Мн., 1998;
Баршчэўская Н. Беларускія часопісы на чужыне // Камунікат. 2002. №2(20).
С.В.Говін.
«Гродзенскія весці». Нумар за 13.12.1698.Газета «Наша ніва». 1906.Першы нумар газеты «Звязда». 1917.Сучасныя беларускія газеты.Сучасныя беларускія часопісы.