МАЗЫ́РСКАЯ МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1928 на базе Мазырскай запалкавай фабрыкі «Маланка» ў г. Мазыр Гомельскай вобл. як мэблевая ф-ка «Прафінтэрн». У Вял. Айч. вайну ў будынку ф-кі размяшчаўся лагер сав. ваеннапалонных. Аднавіла дзейнасць у 1944 з сучаснай назвай. З 1971 у складзе ВА «Мазырдрэў», з 1992 арэнднае ВА «Мазырдрэў», з 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): тумбы для тэле- і радыёапаратуры, абутку, камоды, наборы мэблі для прыхожай і кухні.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКУ́ХА,

пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які застаецца пасля выціскання алею з насення алейных культур. Мае ў сабе да 40% бялкоў, 8—10% тлушчу, 6—8% мінер. рэчываў, шмат вітамінаў комплексу B. Канцэнтраваны корм для с.-г. жывёлы, таксама выкарыстоўваецца (як і шрот) у вытв-сці камбікармоў. Паводле амінакіслотнага складу і біяхім. каштоўнасці бялкоў, колькасці кальцыю і фосфару пераўзыходзіць злакавыя кармы. Найб. кармавая каштоўнасць у сланечнікавай, ільняной, соевай М. Некаторыя віды М. маюць таксічныя рэчывы.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза.

Засн. ў 1959 як Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. У 1986 пры тэхнікуме створана прафес.-тэхн. вучылішча. У 1993 тэхнікум і вучылішча аб’яднаны ў комплекс. У 1998/99 навуч. г. ў тэхнікуме спецыяльнасці: эканоміка і кіраванне вытв-сцю; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; менеджмент. Прымае асоб з базавай (на платнай аснове) і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Вучылішча на базе поўнай сярэдняй адукацыі рыхтуе прадаўцоў. Навучанне дзённае.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1947 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як ліцейна-механічны, з 1959 станкабудаўнічы з-д. У 1957 здадзены ў эксплуатацыю механазборачны цэх, у 1964 — корпус з адм. памяшканнямі, мех. і зборачным цэхамі, тэрмічным і малярным участкамі, вымяральнай лабараторыяй, у 1977 — ліцейны цэх. Асн. прадукцыя (1999): станкі вертыкальна-свідравальныя, настольна-свідравальныя, разьбанаразныя, для аўтасервісу (шынамантаж, балансіроўка, вулканізацыя), мэблевая фурнітура, скабяныя вырабы, плоскія каркасы для лёгкай прам-сці і інш.

т. 9, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ТВА,

1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).

2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭНСІ́Т (ад імя ням. металазнаўца А.​Мартэнса),

мікраструктура ігольчастага выгляду ў загартаваных метал. сплавах і чыстых металах, якім уласцівы полімарфізм.

М. — асн. структурная складальная загартаванай сталі, гэта перанасычаны цвёрды раствор вугляроду ў α-жалезе такой канцэнтрацыі, як у зыходнага аўстэніту (гл. Жалезавугляродзістыя сплавы). З ператварэннем М. пры награванні і ахаладжэнні звязаны «эфект памяці» металаў і сплаваў. Мартэнсітнай структуры адпавядае найб. высокая цвёрдасць сталі. На М. загартоўваюцца стальныя рэзальныя інструменты і інш. вырабы.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎТГАЎЗЕН (Mauthausen),

нямецка-фашысцкі канцэнтрацыйны лагер каля г. Маўтгаўзен (Аўстрыя) у жн. 1938—45. Засн. як філіял канцлагера Дахау, з сак. 1939 самаст. лагер. Да мая 1945 тут зняволена каля 335 тыс. чал., забіта 120 тыс. чал. У лагеры дзейнічала падп. інтэрнац. арг-цыя супраціўлення, якая 5—7.5.1945 узняла антыфаш. паўстанне. Пасля 2-й сусв. вайны на месцы М. створаны мемарыяльны музей, у 1948 устаноўлены помнік закатаванаму тут у лют. 1945 Дз.М.Карбышаву.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТО́Л (ад лац. mentha мята + oleum алей), n-ментанол-3,3-метыл-6-ізапрапілцыклагексанол,

арганічнае злучэнне, спірт аліцыклічнага шэрагу; асноўны кампанент мятнага алею.

Бясколерныя легкаплаўкія крышталі (tпл 43—44 °C) з пахам мяты і гаркаватым смакам. Раствараецца ў этаноле, абмежавана ў вадзе. Атрымліваюць вымарожваннем з мятнага алею, а таксама сінтэзуюць гідрыраваннем тымолу. Выкарыстоўваюць для араматызацыі лікёраў, цукерак, тытуню, сродкаў догляду за зубамі, як кампанент лек. прэпаратаў (напр., валідолу). Аказвае абязбольвальнае і абеззаражвальнае дзеянне, моцна ахалоджвае скуру.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ ЗО́НА,

прыродная геагр. зона (часам разглядаецца як падзона), уласцівая зах. прыакіянічнаму сектару субтрапічнага пояса сушы. Для М.з. характэрны міжземнаморскі клімат, адметная сезоннасць сцёку рэк (з зімовымі паводкамі), перавага ў прыродным раслінным покрыве вечназялёных лясоў і ксерафітных цвердалістых хмызнякоў. Тэрыторыя М.з. ў значнай ступені асвоена і моцна зменена гасп. дзейнасцю. Тыповая ў Міжземнамор’і, пашырана таксама ў Каліфорніі (ЗША), Чылі, у Паўд. і Паўд.-Зах. Аўстраліі, на Паўд. беразе Крыма і Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)