«КРЫ́ЎДА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».

Герб «Крыўда».

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ Генадзь Міхайлавіч (н. 1.11.1945, Мінск),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1974). З 1974 у БДУ (з 1992 заг. кафедры). З 1993 прэзідэнт Бел. рэсп. т-ва псіхолагаў. Навук. працы па псіхал. праблемах свядомасці асобы, мыслення, мовы як сродку зносін паміж людзьмі.

Тв.:

Диалог и мышление. Мн., 1983;

Психология внутреннего диалога. Мн., 1988;

Псіхалогія ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы // Адукацыя і выхаванне. 1993. № 10.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТО́ (франц. loto ад італьян. lotto),

гульня на асобых картках з радамі лічбаў на іх, якія закрываюць гульцы па меры таго, як адзін з удзельнікаў гульні выцягвае спец. драўляныя фішкі і называе нумары, пазначаныя на іх. Выйграе той, хто раней закрые рады лічбаў на сваёй картцы. Л. з’явілася ў г. Генуя (Італія) у 16 ст. Існуюць розныя віды Л., у т. л. для дзяцей, калі на картках замест лічбаў паказаны розныя жывёлы, расліны ці інш.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАНГІІ́Т, лімфангіт (ад лімфа + грэч. angeion пасудзіна),

запаленне лімфатычных сасудаў пры наяўнасці першаснага гнойна-запаленчага ачага (нагноеныя раны, фурункул, трафічная язва і інш.). Сімптомы Л.: балючыя чырв. цяжы, сеткаваты чырв. малюнак на скуры (як галінкі дрэва), павышэнне т-ры цела да 39—40 °C, ацёкі, абмежаванасць руху. Дробныя лімфатычныя сасуды ад ачага запалення збіраюцца па напрамку да сэрца ў вял. чырв., балючыя цяжы і выклікаюць запаленне лімфавузлоў (лімфадэніт). Лячэнне тэрапеўтычнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНАЛАО́Л, 3,7-дыметыл-1,6-октадыен-3-ол,

тэрпенавы спірт, (CH3)2C=CHCH2CH2C(CH3)(OH)CH=CH2. Бясколерная вадкасць з пахам ландыша, шчыльн. 860,7 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе; раствараецца ў этаноле. Аказвае бактэрыцыднае ўздзеянне. У свабодным стане і ў выглядзе складаных эфіраў воцатнай (ліналілацэтат) і масленай кіслот уваходзіць у састаў эфірных алеяў, адкуль яго вылучаюць рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць як пахучае рэчыва ў парфумерыі, сыравіну — у вытв-сці інш. пахучых рэчываў (напр., цытралю, ліналілацэтату).

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРА ў друкарскім наборы,

прамавугольны брусочак з друкарскага сплаву, дрэва або пластмасы з рэльефнай (выпуклай) выявай (вочкам) літары, лічбы ці інш. знака на адным з яго тарцоў. Памеры Л. вызначаюцца кегелем, таўшчынёй і ростам (пастаянны для ўсіх Л.). Выкарыстоўваюцца як друкавальны элемент пры ручным ці літараадліўным наборы. Пры друкаванні вочка пакрываецца фарбай і дае адбітак на паперы.

Літара: а — ножка; б — галоўка; в — вочка; г — кегель; д — таўшчыня; е — рост (пастаянны для ўсіх літар).

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ННІЦА,

старажытнае металічнае ўпрыгожанне ў выглядзе паўмесяца. Выкарыстоўваліся як завушніцы, нагрудныя падвескі, дэталі галаўнога ўбору. Ва ўсх. славян былі пашыраны ў 8—9 ст. і ў эпоху Кіеўскай Русі. Л. адлівалі з бронзы ці свінцова-алавяністых сплаваў у каменных формах. Паверхню аздаблялі насечкамі, палоскамі несапраўднай зерні, эмаллю. На Беларусі трапляюцца пры раскопках большасці археал. помнікаў. Знойдзены ў Бярэсці, Ваўкавыску, Віцебску, Гомелі, Гродне, Друцку, Заслаўі, Копысі, Мінску і інш. Ліцейныя формы выяўлены ў Віцебску і Гродне.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́СМА (Lousma) Джэк (н. 29.2.1936, г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік марской пяхоты. Скончыў Мічыганскі ун-т (1959). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 28.7—25.9.1973 з А.Бінам і О.Гэрыятам здзейсніў палёт на мадыфікаваным касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (двойчы выходзіў у адкрыты космас, агульны час 11,02 гадз), 22—30.3.1982 з Ч.​Фулертанам — палёт на касм. караблі «Спейс шатл» («Калумбія», як камандзір). У космасе правёў 67,47 сут.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́НАС (ісп. llanos, множны лік ад llano раўніна),

назва некаторых раўнінных тэрыторый у раёнах ісп. каланізацыі (напр., Лана-Эстакада ў ЗША, Л.​Арынока, Л.-Мохас і інш. у Паўд. Амерыцы). Таксама тып высакатраўнай саванны на раўнінах у бас. р. Арынока (тэр. Венесуэлы і Калумбіі). Укрыты густым і высокім травяным покрывам з перавагай злакаў, ёсць асобныя дрэвы або іх групы (тыпова маўрыкіева пальма). Па далінах рэк галерэйныя лясы. Выкарыстоўваюцца як паша, месцамі — пад земляробства.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА ДУА́НЬЛІ́НЬ (1228, прав. Цзянсі, Кітай — 1322?),

кітайскі гісторык эпохі дынастыі Сун. Аўтар энцыклапедычнай працы «Вэньсянь тункао» («Сістэматызаваны збор пісьмовых помнікаў і меркаванняў»), якая побач з творамі сунскіх гісторыкаў Чэн Чао і Сыма Гуана стала ўзорам для кіт. гісторыкаў больш позняга часу. М.Д. імкнуўся даследаваць эвалюцыю шэрагу сац. і дзярж. ін-таў і выявіць прычынныя сувязі некаторых гіст. з’яў. Лічыў, што для чыноўніка-канфуцыянца гіст. веды таксама важныя, як і канфуцыянская л-ра.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)